Вызвалена чарговая група палітвязняў з турмаў дыктатара. Але найбольшая ўвага да аднаго з лідараў пратэстаў Сяргея Ціханоўскага, якога рэжым Лукашэнкі асудзіў на 18 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Сёння мы пагаворым з госцяй Радыё Рацыя, былой палітзняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк пра публічны выступ Сяргея Ціханоўскага на другі дзень пасля прыезду ў Літву.

РР: Спадарыня Паліна, як вы ўспрынялі чарговае вызваленне 14-ці вязняў з лукашэнкаўскіх засценкаў і ў тым ліку такой значнай фігуры як Сяргей Ціханоўскі?
Паліна Шарэнда-Панасюк: Гэта цудоўная навіна, што ўвогуле вызваленыя не палітвязні нават, а вызваленыя закладнікі, якіх Лукашэнка набірае на працягу 30 год. На жаль, зноў паўтараецца гэты ганебны гандаль закладнікамі. Але для людзей, канешне, шчасце, што яны вырваліся з гэтага пекла. І я вельмі шчаслівая за гэтых людзей. Як бы там не было, але людзі на волі, яны выжылі. Мы бачым, што яны не зламаліся, што яны, спадзяюся, гатовыя працягваць сваю дзейнасць па барацьбе з рэжымам. І былі вельмі цудоўныя словы Ціханоўскага, што беларусам трэба змагацца з лукашызмам, што ён лічыць здраднікам кожнага, хто гэта не зробіць. І гэта паказвае, што вось гэтыя жудасныя ўмовы, рэжым у адзіночцы, што яго трымалі пяць год, цяжка ўявіць такое. Людзі там за месяц могуць звар’яцець, а гэта пяць год. Але чалавек выйшаў, не зламаўся, і гэта вельмі радуе і натхняе.
РР: Ціханоўскі вельмі дрэнна выглядае, але гэта аказваецца, што месяц яго яшчэ падкармлівалі. Неяк людзі ў лепшым выглядзе выходзяць. Чаму вось ён такі вельмі змучаны?
Паліна Шарэнда-Панасюк: Трэба разумець, што Лукашэнка падзяляе сваіх закладнікаў на групы. І Ціханоўскі адносіцца да той групы, супраць якой ужываецца найвышэйшая мера тэрору, як псіхалагічнага, так і фізічнага. Мы бачылі, як выглядаў Юрась Зянковіч, мы ўбачылі, як выглядае Ціханоўскі. І гэта выглядае мужчына, якога перад гэтым месяц адкармлівалі, так бы мовіць тавар. То бок у Лукашэнкі вельмі такое скоцкае стаўленне да людзей, проста як да жывёлы. Жывёлу трэба адкармліваць, і вось ён так адкармлівае палітвязняў. То ён іх гатовы забіць, а тут раз – пайшоў гандаль, і ўсё тэрмінова трэба адкармліваць палітвязняў.
Скоцкае такое стаўленне, не як да людзей, а як да скатоў – хочам заморым з голаду, а хочам – адкормім. У гэтым уся сутнасць гэтага людаецкага, вычварэнцкага рэжыму, на жаль. Але ведаеце, як бы Ціханоўскі не выглядаў звонку, я бачу, што ягоны дух загартаваўся, узмацніўся, і я ўпэўненая, што ён стаў яшчэ больш мацнейшы і мэтанакіраваны, чым да вось гэтага свайго палону.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






