Беларусаў не перастае турбаваць званок амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа да дыктатара Лукашэнкі, дзе ішла размова пра вызваленне 1300 палітвязняў. І сама размова, і час званка, і прыняцце Трампам запрашэння Лукашэнкі наведаць з сям´ёй Беларусь выклікалі неадназначную ацэнку беларускай дэмакратычнай грамадскасці.

Пра такі нечаканы крок Трампа ў адносінах да Беларусі мы пагаварылі з Госцяй Рацыі былой палітзняволенай, грамадскай і палітычнай дзяячкай з вялікім стажам Палінай Шарэндай-Панасюк.
РР: Нядаўняя размова Дональда Трампа і Аляксандра Лукашэнкі вызвала шырокі рэзананс. Успрынятая як сенсацыя. Дэталі размовы яшчэ не цалкам вядомыя, але сам факт тэлефоннага званка, які адбыўся, калі Трамп накіроўваўся на Аляску для сустрэчы з Пуціным, прыцягнуў увагу. Чаму менавіта ў гэты час адбыўся званок і яго матывы?
Паліна Шарэнда-Панасюк: Па-першае, не зусім сенсацыя. Сенсацыя гэта толькі для вонкавых назіральнікаў за ўсім гэтым. Я думаю, што, нібыта спантанны, званок Трампа насамрэч з’яўляецца часткай той гульні, якую Трамп вядзе з Пуціным, і я нават не выключаю, што гэты званок быў зроблены па просьбе расейскай дэлегацыі. Напэўна была нейкая папярэдняя ўмова. Таму што Расеі вельмі залежыць на тым, каб зноў увесці Лукашэнку ў міжнароднае поле, зноў зрабіць яго гульцом. І Трамп у нейкіх там гешэфтах з Пуціным пайшоў на гэта.
Канешне, тут можна сказаць і пра самога Трампа. Хутчэй за ўсё ён шчыра зацікаўлены ў тым, каб вызваліць людзей. Але трэба зразумець і абурэнне беларусаў, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій, не толькі ў 2020 годзе, але і раней, уся гэтая сітуацыя доўжыцца на працягу 30 год. Для мяне відавочна, што Трамп і яго адміністрацыя можа быць добрыя бізнесмены, але яны вельмі кепска арыентуюцца ў тым, што адбываецца ва Усходняй Еўропе. І вось гэтыя стасункі з Расеяй, калі ёсць Германія, а за Германіяй ёсць сфера ўплыву Расеі і сама Расея. І сённяшняя амерыканская адміністрацыя гэтае сваё разуменне вельмі яскрава дэманструе. Такі вось погляд некампетэнтнасці, што адбываецца ва Украіне, што адбываецца ў Беларусі. Таму што, мы бачым, як Зяленскаму літаральна на пальцах даводзіцца тлумачыць Трампу, што адбываецца ва Украіне.
На жаль, беларусы не маюць свайго Зяленскага, які б на пальцах патлумачыў Трампу, як трэба называць Лукашэнку, які з’яўляецца забойцам, тэрарыстам, на сумленні якога забітыя людзі, захоп і ўтрыманне закладнікаў, ужо не кажучы пра крымінальны рэцэдыў фальшавання электаральных кампаній, гэта для мяне недапушчальна, тут я салідарызуюся з былым прэм’ер-міністрам Велікабрытаніі Борысам Джонсанам, які сказаў, што ў яго выклікае ваніты тое, што Трамп пасцяліў чырвоную дарожку перад Пуціным, так і ў мяне рэзкае катэгарычнае непрыняцце гэтых эпітэтаў, якімі Трамп абдарыў Лукашэнку. Але адзінае ў факце тэлефанавання добрае тое, што могуць быць вызваленыя 1300 чалавек, а можа і больш, бо зразумела, што палітзняволеных у Беларусі нашмат больш.
РР: Можа быць словы «высокапаважаны прэзідэнт» для Лукашэнкі гэта проста дыпламатычны такі ход.
Паліна Шарэнда-Панасюк: Для палітыка такое недапушчальна. Я разумею, што ён займае пасаду прэзідэнта Злучаных Штатаў і можа дазваляць сабе шмат, але ёсць рэчы, якія нельга сабе дазваляць нават знаходзячыся на такой пасадзе, на якой знаходзіцца Трамп. Гэта не ёсць добра.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






