BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Палітычныя вынікі рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы

Рэзалюцыю па Беларусі ў нашым эфіры пракаментаваў дарадца Офісу Святланы Ціханоўскай – Франак Вячорка.

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Па выніках дыскусій у Страсбургу Рада Еўропы прыняла рэзалюцыю па Беларусі, дзе ў тым ліку, рэкамендуе «забяспечыць палітычную і матэрыяльную падтрымку супрацы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, грамадзянскай супольнасцю і актывістамі».

РР: Калі казаць пра важнасць гэтай рэзалюцыі, ці не перабольшваем мы?

Франак Вячорка: Трэба адзначыць, што гэтая рэзалюцыя рыхтавалася ажно тры гады. Кімо Кільюнен – спецдакладчык ад Фінляндыі, пачаў у 2020 годзе, і спачатку рэзалюцыя і справаздача мелася быць прысвечаная перамовам паміж рэжымам і дэмакратычнымі сіламі для выхаду з крызісу, якім чынам міжнародная супольнасць можа падтрымаць гэтыя перамовы. Але потым, калі стала ясна, што рэжым адмаўляецца ад дыялогу і ад перамоваў, характар рэзалюцыі змяніўся.

Асноўны кантэкст і справаздачы, і рэзалюцыі – трэба падтрымаць альтэрнатыўную дэмакратычную Беларусь. Лукашэнка гэтую Беларусь больш не прадстаўляе, неабходы ціск, падтрымка беларусам у выгнанні, падтрымка інстытутаў, якія будуюць дэмакратычныя сілы. Таму для нас гэта важна для павелічэння суб’ектнасці Беларусі на міжнароднай арэне. А для Лукашэнкі – гэта чарговы ўдар пад дых. Наколькі ён моцны, будзе залежыць ад урадаў, якія зараз павінны ўзяць гэтую рэзалюцыю і пачынаць яе рэалізоўваць.

РР: Атрымліваецца, гэта дадатковая легітымнасць для Святланы Ціханоўскай зараз?

Франак Вячорка: Так. Я, насамрэч, у 2020 годзе баяўся, што ў 2021 – 2022 гадах зноў пачнуцца закулісныя размовы з Лукашэнкам, дамоўленасці, гандаль. Але, не. Міжнародная супольнасць не адступіла, і зараз ужо 2023 год, і тыя рашэнні, якія прымаюцца, стратэгічны дылог, кансультатыўная група з ЕЗ – гэта ўсё большая дэлегітымізацыя Лукашэнкі. Праўда, у Лукашэнкі з’явіўся Пуцін, і для яго Лукашэнка адзіны саюзнік. Таму, з аднаго боку, мы павялічылі сваю суб’ектнасць, але Лукашэнка павялічыў падтрымку з боку Расеі. І тут пытанне – хто каго? Тут пазіцыйная барацьба на выжаванне, на стойкасць.

Іншы важны аспект рэзалюцыі, пра які заяўляе Офіс Святланы Ціханоўскай: «рэзалюцыя Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы дае магчымасць захаваць увагу міжнароднай супольнасці да Беларусі». Рэзалюцыю прынялі на пленарнай сесіі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы ў Страсбургу 25 студзеня.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя