Паспяховы, багаты кіраўнік банка і эмігрант, былы палітвязень – зусім розныя рэчы.

4 сакавіка Віктар Бабарыка прадставіў сваю партыю «Разам» і выступіў з прамовай на Міжпартыйным форуме «8+100», які адбываецца ў Еўрапарламенце. На форуме прысутнічалі прадстаўнікі дзевяці беларускіх дэмакратычных партый, якія былі скасаваныя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі пасля падзеяў 2020 года. Бабарыка назваў тры асноўныя кірункі працы, на якіх са сваёй партыяй «Разам» сканцэнтруе намаганні.
Шчыра кажучы, узнікае шэраг пытанняў. Я пакуль не зусім разумею, у чым сутнасць ідэі па стварэнні партыі «Разам». Што гэтая партыя будзе рабіць: рыхтавацца да будучых парламенцкіх выбараў у Беларусі, якія адбудуцца пасля зменаў у краіне і перамогі дэмакратыі альбо займацца палітыкай у цяперашніх эмігранцкіх рэаліях?
Якіх менавіта аднадумцаў мяркуе аб’яднаць партыя «Разам»: выключна тых, хто падтрымлівае Віктара Бабарыку, ці тут задума пра далучэнне актывістаў розных партый, якія былі адмененыя ў Беларусі? Калі так, то на якой ідэйнай падставе яны будуць аб’ядноўвацца?
Не менш цікавае пытанне – палітычныя перспектывы Віктара Бабарыкі. Мне падаецца, што ў ацэнках гэтых перспектываў людзі могуць быць падманутыя атмасферай траўня-чэрвеня 2020-га года. Тады Бабарыка заявіў пра сваё вылучэнне ў прэзідэнты, і, паводле сацыёлагаў, даволі хутка стаў палітыкам з самым высокім рэйтынгам. Мне, аднак, падаецца, што беларусы палюбілі яго не за нейкія асабліва правільныя словы і ідэі, а за тое, што гэта быў чалавекам з высокай пасадай і сацыяльным статусам кіраўнік банка. Беларусы палічылі, што калі такі забяспечаны і паспяховы чалавек кінуў выклік Лукашэнку, то ён мае шанцы перамагчы.
Досвед сачэння за беларускай палітыкай паказвае, што на прэзідэнцкіх выбарах найбольш паспяховым кандыдатам ад апазіцыі станавіўся той, хто меў у наяўнасці альбо ў мінулым пэўны статус і пасаду: у 2001 годзе, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Уладзімір Ганчарык, 2006-м годзе – былы віцэ-мэр Гародні Аляксандр Мілінкевіч, у 2010 годзе – былы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Саннікаў.
Бабарыка імгненна стаў папулярным у 2020 годзе, як мне падаецца, менавіта як банкір, чалавек, які дабіўся поспеху ў жыцці. Але зараз ён – былы палітвязень, і я вельмі сумняюся, што ў яго нават тэарэтычна можа застацца тая ж папулярнасць, што была ў чэрвені 2020 года.
Гэта жорсткая рэальнасць: пасля кожных прэзідэнцкіх выбараў апазіцыйныя палітыкі, якія набіралі дастаткова шмат галасоў, знікалі з радараў грамадскай думкі, іхні рэйтынг фактычна абнуляўся. Адзіным выключэннем стаў 2020 год і феномен Святланы Ціханоўскай. Аднак я не бачу падставаў лічыць, што Віктар Бабарыка можа разлічваць на падтрыманне былой папулярнасці ўнутры Беларусі на ўзроўні 2020 года. Зразумець гэта і ўключыцца ў тое, што называюць “эмігранцкай палітыкай” – магчыма, для яго найбольш рэалістычны выбар.
Віталь Цыганкоў, Беларускае Радыё Рацыя






