BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Менск чакае, калі Вільня сама зменіць пазіцыю

Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў, што не бачыць жадання афіцыйнай Вільні размаўляць з афіцыйным Менскам. Ён таксама сказаў, што Беларусь гатова да дыялогу з Літвой, але не збіраецца фарсіраваць перамовы.  

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

«Насамрэч мы даўно ўжо пазначылі сваю пазіцыю, ад яе мы не адыходзім. Мы гатовы да дыялогу, мы гатовы да разгляду любых пытанняў, якія цікавяць нашых грамадзян, грамадзян сумежных дзяржаў, бізнесменаў дзвюх краін, людзей, якім патрэбна адкрытая мяжа, патрэбны паездкі ў абодва бакі па розных бытавых, службовых, культурных, гуманітарных ініцыятывах. Не мы закрывалі гэтую мяжу, не мы ўсталёўвалі гэты санкцыйны плот. Мы гатовы да дыялогу», – заявіў кіраўнік беларускага МЗС

На пытанне пра папярэднія умовы, якія паставіла Літва для пачатку дыялогу, Рыжанкоў заявіў, што ў Вільні ідуць «незразумелыя размовы». На самой справе, можна назіраць, што літоўскія палітыкі на сёння маюць вельмі розныя падыходы да адносінаў з Беларуссю – адны лічаць, што трэба працягваюць ранейшую палітыку санкцыяў і ўстрымання ад усялякіх кантактаў на высокім узроўні, іншыя кажуць пра магчымасць нейкай спробы палітычнага дыялогу.

Нагадаем, за дыялог паміж Беларуссю і Літвой на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў выказваўся спецспасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл. Ён таксама выступіў за аднаўленне транзіту беларускіх калійных угнаенняў праз Літву. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа назваў тры ўмовы для пачатку дыялогу з Беларуссю: спыненне запускаў метэазондаў праз мяжу на працягу чатырох тыдняў, вяртанне затрыманых беларускім бокам літоўскіх фур без дадатковых збораў і спыненне нелегальнага пропуску мігрантаў праз мяжу. Прэм’ер Літвы Інга Ругінене заявіла аб прызначэнні літоўскага прадстаўніка для перамоваў з Менскам

А пакуль Літва думае і спрачаецца, менскі рэжым зноў запускае сваю казырную карту. Памежнікі Літвы і Латвіі ў панядзелак зарэгістравалі прыкметную колькасць парушэнняў мяжы з боку мігрантаў. Літоўская памежная служба сутыкнулася з 22 спробамі, а латвійская – з 48 спробамі парушэння мяжы. У нядзелю межы Літвы і Латвіі з боку Беларусі спрабавалі парушыць 99 мігрантаў.

Паказальна, што польская Памежная ахова за велікодныя выходныя з 3 па 6 красавіка не зарэгістравала ніводнай спробы парушэння мяжы.

«Мяч на іх баку, мы нічога фарсіраваць не збіраемся, у нас усё добра», – кажа Рыжанкоў. Ня вельмі падобна на тое, што ён і сам у гэта верыць.

Віталь Цыганкоў, Беларускае Радыё Рацыя