Можа быць, варта выслухаць аргументы бакоў, а не абвінавачваць адзін аднаго ў здрадзе прынцыпам?
Адна з «вечных» дыскусіяў у асяродку дэмакратычных сілаў, якая набыла новую гарачыню пасля 2020 года –- гэта стаўленне да санкцыяў. Паводле Chattam house, 64 працэнты апытаных гарадскіх беларусаў выступае «за пашырэнне эканамічных, палітычных, культурных сувязяў, збліжэнне з краінамі Захаду». 51 працэнт жадае, каб Захад цалкам зняў санкцыі супраць Беларусі, 23 працэнты – каб зняў часткова.
Відавочна, што апазіцыйны мэйнстрым, які і на сёння палягае ў пазіцыі «узмацняем ціск на рэжым, у тым ліку праз новыя санкцыі» – не супадае з настроямі большасці тых беларусаў, якія знаходзяцца ўнутры краіны. Але аб’ектыўна кажучы, жорсткая пазыцыя офіса Святлана Ціханоўскай натуральная і паслядоўная, і на сённяшні дзень наўрад ці магчыма іншая. Бо афіцыйная Беларусь усяляк спрыяе Расеі ў яе агрэсіі супраць Украіны, а большасць санкцыяў былі ўведзеныя менавіта «за падтрымку вайны», у 2022 годзе, пасля пачатку шырокамаштабнай вайны.
Рэальнасць такая, што офіс Ціханоўскай сёння, з улікам міжнароднага аспекта і сваіх міжнародных кантактаў, проста ня мае ніякай палітычнай магчымасці выступаць супраць еўрапейскай палітыкі санкцыяў.
Проста хацелася б, каб у гэтай вечнай дыскусіі абодва бакі перасталі абвінавачваць адзін аднога ў здрадзе і прадажнасці рэжыму. Бо на самой справе любую пазіцыю – за санкцыі ці супраць – можна высмеяць, утрыраваць і даказваць, што яна абсалютна антыбеларуская.
Прыблізна так:
«Калі вы за санкцыі, то значыць штурхаеце Беларусь у бок Расеі, паколькі санкцыі ізалююць Беларусь, абмяжоўваюць яе адносіны з Захадам.
Калі вы супраць санкцый, то выступаеце за тое, каб Беларусь яшчэ больш дапамагала Расеі ў вайне, бо адмена санкцыяў здыме тут усялякія перашкоды. То бок людзі, якія выступаюць за зняцце санкцый – дапамагаюць Расеі ў вайне».
Калі дыскусія вядзецца на такім узроўні, то такую дыскусію не хочацца слухаць. Хочацца слухаць дыскусію, якая ўлічвае сённяшнія зменлівыя рэаліі.
Відавочна, што ў 2020-21 годзе большасць прадэмакратычных беларусаў выступалі за санкцыі, спадзеючыся, што гэта можа прывесці да хуткага падзення рэжыму. Але ж цяпер сітуацыя іншая. Асабліва яна істотна змянілася пасля прыходу Трампа, калі дзякуючы зняццю некаторых нязначных санкцый былі вызваленыя беларускія палітзняволеныя.
Адпаведна, калі мяняецца сітуацыя, то варта карэктаваць і падыходы. Які метад прыводзіць да выніку, той і варта браць на уззбаенне. А не называць людзей, якія заклікаюць да гэтага, здраднікамі і агентамі рэжыму.
Віталь Цыганкоў, Беларускае Радыё Рацыя






