«Радыё Рацыя» цяпер усё цалкам «экстрэмісцкае фармаванне», а не толькі асобныя яго пляцоўкі ў інтэрнэце. «Экстрэміст» цяпер і Сяргей Дубавец, беларускі мысляр, канцэптолаг сучаснай беларушчыны, пісьменнік, публіцыст, рэдактар. А па Беларусі затрыманыя чарговыя два дзясяткі чалавек.
Лукашэнкаўскія пракуратура, КГБ і МУС, а дакладней палітычная «ахранка» міліцэйскага міністэрства, мне нагадваюць зайцаў з барабанамі з сусветна вядомай рэкламы батарэек «энерджайзер».
На задуму рэкламістаў заяц мусіць несці зарад пазітыву, маўляў, вось як спрытна і працягла ў часе я магу малаціць у барабан. Але я заўжды адчуваў пэўны дысананс – не зразумела было для чаго заяц малоціць.
Перыядычна даводзіцца бачыць параўнанні лукашэнкаўскай Беларусі то з Паўночнай Карэяй, то з Кітаем, маўляў, хутка будзе як у іх. Пры гэтым як жа ўласна ў іх – мала хто толкам ведае. Хоць звестак у інтэрнэце процьма, адно знайдзі час пачытаць.
У паўночнай Карэі інтэрнэту лічы што няма. А ў больш як мільярдным Кітаі інтэрнэт – справа для ўнутранага карыстання. Там укладзеныя аграмадныя рэсурсы, каб кітаец не змог прачытаць, напрыклад, што думаюць пра Кітай у іншых краінах: стаіць блакіроўка.
А што ў Беларусі? А ў Беларусі перад Новым Годам на паўгадзіны заблакавалі ютуб. Усё каб людзі не паглядзелі зварот Святланы Ціханоўскай.
І смех, і грэх, бо паўгадзіны блакавання – без сэнсу. Мы памятаем па 2020 годзе, што нават тры дні фактычнага спынення ўсяго інтэрнэту на асобнай тэрыторыі – без сэнсу.
Больш за тое, лукашысты ўклалі вялікія рэсурсы ў сваю прапаганду акурат праз ютуб. То бок, змагаючыся з Захадам, лукашысты цалкам залежныя ад Захаду.
Кітай лічыць сябе цэнтрам светабудовы і тэарэтычна ўжо можа існаваць адносна самастойна. Могуць дазволіць сабе закрыць інфармацыйныя межы, і варыцца асобна ад астатняга свету.
Лукашэнкаўскі заяц малоціць у барабан без усялякай хоць бы блізкай перспектывы. Яму што «Радыё Рацыя» запісаць у экстрэмісты, што персанажа мультфільму, што прыдуманага якога марсіяніна – абсалютна без розніцы.
Любы пракурор, які прыдумляе фантастычныя справы на канвеернай аснове, ведае, што займаецца абы чым. Што ён малоціць у барабан не для выніку, а для імітацыі дзейнасці.
Што назаві хоць усіх аўтараў усіх мас-медыя «экстрэмістамі», на стан рэчаў гэта ніяк не паўплывае. Большасць людзей застануцца пры сваім меркаванні, у якім лукашэнкаўскія «зайцы» – звычайныя бандыты.
Гукавы файл:
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя