BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Папскі нунцый у Польшчы ўганараваў амбасадара Расеі

Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антоніа Гвіда Філіпадзі і амбасадар РФ у Польшчы Сяргей Андрэеў https://nuncjatura.pl

У ліпені з’явіліся неафіцыйныя паведамленні, што амбасадар Расеі ў Польшчы Сяргей Андрэеў бліжэйшым часам завершыць сваю дыпламатычную місію. Ён займаў гэтую пасаду з 26 жніўня 2014 года. Дыпламат неаднаразова выклікаў скандалы, у тым ліку праз публічнае паўтарэнне крамлёўскай прапаганды пра «спецыяльную ваенную аперацыю» ва Украіне, чытаем на партале gazeta.pl.

Нечакана ў аўторак, 19 жніўня, Апостальская нунцыятура ў Варшаве апублікавала паведамленне пра тое, што напярэдадні Андрэеў атрымаў памятны падарунак. «18 жніўня ў сядзібе Нунцыятуры у Варшаве з рук дэкана Дыпламатычнага корпуса яго эксэленцыі арцыбіскупа Антоніа Гвіда Філіпадзі, апостальскага нунцыя ў Польшчы, яго эксэленцыя спадар Сяргей Андрэеў, амбасадар Расеі ў Польшчы, які заканчвае сваю дыпламатычную місію ў краіне, атрымаў памятную талерку», — гаворыцца ў заяве.

Публіцыст Якуб Вех рэзка адрэагаваў на палітычны жэст Каталіцкага касцёла:  «Ведаеце, я не разбіраюся ў гэтым усім дыпламатычным пратаколе, але на месцы МЗС Польшчы я выклікаў бы нунцыя і ўручыў яму «памятную» талерку з Бучы ці Ірпеня», — напісаў Якуб Вех. 

Паводзіны расейскага амбасадара неаднаразова выклікалі крытыку з боку польскіх уладаў. У сакавіку 2024 года МЗС Польшчы патрабавала ад Андрэева тлумачэнняў наконт інцыдэнту з расейскай крылатай ракетай, якая парушыла паветраную прастору краіны над Любліншчынай. Аднак дыпламат праігнараваў выклік. Міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі адзначыў тады, што амбасадар «сам засведчыў свой ровень культуры і прафесіяналізму».

polskieradio.pl