Афіцыйнае пісьмовае запрашэнне наведаць Беларусь уручыў папу Льву XIV старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў краіны мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Іосіф Станеўскі падчас прыватнай аўдыенцыі ў папы, паведаміла беларуская рэдакцыя “Vatican News”.

Адказваючы на пытанне аб гатоўнасці беларускага грамадства, у прыватнасці праваслаўнай большасці, да візіту папы, мітрапаліт выказаў упэўненасць, што “настаў той час, калі пантыфік можа наведаць вернікаў каталіцкай царквы і ўсіх людзей нашай Айчыны”.
Каталіцкі іерарх адзначыў добрыя адносіны і дыялог з праваслаўным мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, патрыяршым экзархам усяе Беларусі Веніямінам, а таксама “неаднаразовыя запрашэнні ў бок папы ад кіраўніцтва дзяржавы”.






