BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Парламенцкая асамблея  Рады Еўропы праходзіць з удзелам беларускай дэлегацыі

Палітвязні, праблемы беларусаў за мяжой і адмена смяротнага пакарання – тэмы, з якімі беларуская дэлегацыя паехала на паседжанні Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, што праходзіць у Страсбургу да 27 чэрвеня. Дэлегацыя Каардынацыйнай рады ўжо трэці раз працуе на палях Рады Еўропы, як прадстаўнічы орган дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці.

Фота з адкрытых крыніц

Кажа старшыня міжнароднай камісіі Каардынацыйнай рады – Аляксандра Мамаева:

-Перш за усё гэта пытанні легалізацыі, мабільнасці, бяспекі беларусаў за мяжой. Другое, зараз ідзе такі вельмі важны трэк па адмене смяротнага пакарання ў Беларусі.

Менавіта смяротная кара, якая існуе ў Беларусі – блакавала паўнапраўны удзел Беларусі ў працах Рады Еўропы. Афіцыйны Менск не з’яўляецца сябрам арганізацыі. Каардынацыйная рада, апазіцыйны прадстаўнічы орган – падрыхтаваў Мемарандум аб адмене смяротнага пакарання:

-І гэты Мемарандум адкрыты да падпісання ўсімі грамадскімі арганізацыямі, праваабарончымі арганізацыямі, таксама людзьмі, якія б хацелі гэта засведчыць. Мы разглядаем гэта як крок у дарожнай мапе па ўступленні ў будучым Беларусі ў Раду Еўропы і ў Парламенцкую Асамблею таксама, а з цягам часу і ў Еўрапейскі Звяз.

«Адмена смяротнага пакарання — базавая каштоўнасць Рады Еўропы». Так раней на беларускую ініцыятыву адрэагаваў генеральны сакратар міжнароднай арганізацыі Ален Берсе.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя