Нягледзячы на масавыя пратэсты, парламент Грузіі прыняў 1 мая законапраект аб “іншаагентах” у другім чытанні, паведамляе Еuronews. “За” прыняцце законапраекта “Аб празрыстасці замежнага ўплыву” выказаліся 83 дэпутаты, “супраць” – 23.
Прэм’ер-міністр краіны Іраклій Кабахідзэ заявіў, што трэцяе і фінальнае чытанне законапраекта павінна прайсці “праз два тыдні”.
Масавыя пратэсты супраць прыняцця законапраекта працягваюцца ў Грузіі на працягу двух тыдняў.
Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага Звяза па замежных справах Жазэп Барэль асудзіў гвалт супраць іх удзельнікаў. “Грузія з’яўляецца краінай-кандыдатам на ўступленне ў ЕЗ, я заклікаю яе ўлады забяспечыць права на мірныя сходы, прымяненне сілы для іх падаўлення непрымальнае”, — заявіў Барэль.