BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Падкантрольнай Лукашэнку кампаніі былі перададзеныя 20 га зямлі ў Абхазіі

Пасля візіту Лукашэнкі ў Абхазію падкантрольнай яму кампаніі былі перададзеныя 20 га зямлі на беразе мора, вынікае з публікацыі Беларускага расследацыйнага цэнтра (БРЦ).

Аўтары звяртаюць увагу, што на наступны дзень пасля візіту Лукашэнкі, 29 верасня 2022-га, урад Абхазіі зацвердзіў прапанову аб перадачы зямлі таварыству з абмежаванай адказнасцю “Жамчужына 2010”.

Праз месяц, гаворыцца ў расследаванні, на абхазскім тэлебачанні выйшаў сюжэт, у якім “паведамілі аб выдзяленні гэтых 20 га зямлі для рэалізацыі буйнога інвестыцыйнага праекта” – будаўніцтва ў вёсцы Кындыг Ачамчырскага раёна, на беразе Чорнага мора санаторна-курортнага комплексу.
Прозвішчы ўладальнікаў кампаніі журналісты-расследавальнікі даведаліся дзякуючы дадзеным Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асоб Абхазіі. Высветлілася, што гэта беларуская юрыдычная асоба “Тэрмалія” і абхазскі грамадзянін Дато Квіцынія.

Адзначаецца, што “Тэрмалія” была зарэгістравана ў Менску 22 ліпеня 2022 года – за два месяцы да візіту Лукашэнкі ў Абхазію. Яе дырэктарам і адзіным уладальнікам стаў Аляксандр Раманоўскі, былы супрацоўнік Службы бяспекі Лукашэнкі.

Беларускае Радыё Рацыя

Калаж: БРЦ