BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Паўлюк Быкоўскі: Функцыя Усебеларускага народнага сходу па-ранейшаму туманная

Чыноўнікі і нават сам Аляксандр Лукашэнка рыхтуюцца да так званага Усебеларускага народнага сходу. Напярэдадні прайшла нарада, дзе вызначалі мэты галоўнага наменклатурнага мерапрыемства. Другое пасяджэння сёмага Усебеларускага народнага сходу пройдзе 18-19 снежня.

Улад Грынеўскі разам з палітычным аналітыкам Паўлюком Быкоўскім згадалі гісторыю гэтых «народных сходаў» і разабраліся з версіяй 2025 года.

РР: З’явіліся інфармацыі пра тое, што Усебеларускі народны сход павінен сабрацца ў наступным месяцы і што пачынаецца да яго падрыхтоўка. І там вельмі цікавая фраза, што гэта “другое пасяджэнне” Усебеларускага народнага сходу. Але ж з таго ранейшага пасяджэння шмат што змянялася.

Паўлюк Быкоўскі: Памянялася сутнасць гэтага мерапрыемства. У 1996 годзе, калі праводзілі першы Беларускі ўсенародны сход, ён быў супрацьпастаўлены законнаму парламенту – Вярхоўнаму Савету. Было такое супрацьпастаўленне – нібыта ў Вярхоўным савеце не слугі народа знаходзяцца, не людзі, якія прадстаўляюць народ, а сапраўдныя слугі, якія падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку, знаходзяцца ва Усебеларускім народным сходзе.

Калі браць наступныя гады, то гэта была трыбуна, дзе Аляксандр Лукашэнка мог выказацца перад прэзідэнцкімі выбарамі, сказаць, што ён абяцае, каб працягваць кантракт з народам. Але так ці інакш гэта заўсёды быў псеўдадэмакратычны орган, які ўтвараўся па загадзе Лукашэнкі. А тое, што называецца абраннем, то гэта была кааптацыя з тых структур, якія кантраляваліся Лукашэнкам. З Палаты прадстаўнікоў, мы бачылі, як адбываліся выбары ў Палату прадстаўнікоў, мясцовыя саветы, тая ж сама гісторыя, Савет Рэспублікі, тая ж гісторыя, то бок тыя ж самыя органы, але па-іншаму павернутыя.

У 2020 годзе Усебеларускага сходу не было. Гэта было даволі дзіўна, бо парушылася традыцыя, як Лукашэнка працягвае сваю ўладу. Але тады ўзнікла ідэя, стварыць орган, які будзе калектыўным Лукашэнкам, гэта было быццам тое, што навязвалася Масквой, што трэба зрабіць транзіт улады, а лепей гэта зрабіць праз стварэння інстытута. І Усебеларускі народны сход быццам будзе такім інстытутам. Меркавалася, што Лукашэнка перасядзе толькі ва Усенародны беларускі сход, адыдзе ад аператыўнага кіраўніцтва дзяржавай, а будзе толькі даваць нейкія галоўныя ўказанні па нейкіх стратэгічных накірунках. І пры гэтым сілавікамі будзе кіраваць таксама. Гэтага не адбылося.

Аляксандр Лукашэнка і раней узначальваў Усебеларускі народны сход. І зараз узначальвае. Але ад пасады прэзідэнта адмаўляцца таксама не хоча. Ён яе займае па-ранейшаму. Таму гэта такая імітацыя дэмакратыі. Была зменена Канстытуцыя. І паводле яе Усебеларускі народны сход стаў нейкай надбудовай над парламентам. Сэнс гэтай надбудовы трошкі туманны. Утвараецца Усебеларускі народны сход з тых структур, якія абраныя ў ніжнюю і верхнюю палаты і ў мясцовыя саветы. А чым гэта лепей за проста парламент? Гэта не мае рэальнага тлумачэння.

І вось паколькі Канстытуцыя надала Усебеларускаму народнаму сходу пэўныя паўнамоцтвы, то мусілі яго склікаць. Яго склікалі ў першы раз у красавіку 2024 года. Меркавалася, што будзе ўтвораны нейкі сталы орган, які будзе дзейнічаць паміж скліканнямі. Але такога мы не пабачылі. Праўда, тады сход не быў закрыты, было закрыта толькі першае пасяджэнне, і зараз будзе другое пасяджэнне. Гэта можа мець нейкі бюракратычны сэнс, але практычна яго цяжка ўявіць.

Цалкам размова:

На сходзе плануецца пасланне Аляксандра Лукашэнкі да беларускага народа і парламента. У адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй штогадовыя пасланні гучаць толькі на гэтай пляцоўцы. Далей у праграме стандартныя абмеркаванні сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступную пяцігодку.

Беларускае Радыё Рацыя