BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Паўлюк Быкоўскі і Аляксандр Фрыдман пра палітычныя вынікі 2025 года

Падводзячы вынікі мінулага года, паразмаўлялі з палітычнымі аглядальнікамі Паўлюком Быкоўскім і Аляксандр Фрыдман.

Паўлюк Быкоўскі

РР: Сёння мы гаворым пра тое, што вызваленне палітвязняў адбылося ў выніку перамоваў з амерыканцамі. Спадар Паўлюк, як вы бачыце гэты працэс, бо відавочна гэта адзін з вынікаў 2025 года.

Паўлюк Быкоўскі: Сапраўды ў 2025 годзе мы назіраем нейкае пацяпленне адносінаў паміж кіроўным рэжымам у Беларусі і Злучанымі Штатамі. Пакуль што праявамі гэтага пацяплення з’яўляюцца чатыры хвалі вызвалення палітзняволеных. Да кожнай з гэтых хваляў у нас ёсць, безумоўна, увага, бо гэта нам баліць. Для Злучаных Штатаў хутчэй за ўсё гэта ёсць адным з элементаў гандлю. За што і як гэта робіцца не зусім зразумела, бо частка палітыкі робіцца ў цішы, не публічна.

Мы яшчэ бачым, што акрамя гэтага былі зняты санкцыі з Белавія і з Беларуськалія. То бок амерыканцы зрабілі нейкія крокі, якія рэжым мусіць вельмі задаволіць. З другога боку, нельга сказаць, што сітуацыя памянялася, бо пасольства ЗША ў Менску пакуль што не пачало працаваць у нармальным стане. Пакуль што мы не бачым, што змянілася рэпрэсіўная сітуацыя ў Беларусі, рэпрэсіі не спыняюцца. То бок нельга сказаць, што беларускі калій раптам стаў перамяшчацца хутчэй без перашкодаў, бо не на верталётах і самалётах жа яго вывозіць, яго мусілі вывозіць праз Клайпедскі порт, а еўрапейскія санкцыі, літоўскія ў прыватнасці, не зняты. Таму быццам бы нешта прапанавана кіроўнаму рэжыму і ён можа радавацца дасягненнем, але з другога боку гэта не ёсць канчатковае вырашэнне пытання з санкцыямі, ці прызнання Аляксандра Лукашэнкі.

РР: І ўсё ж такі для Аляксандра Лукашэнкі гэта прынамсі перамога прапагандысцкая і нейкія карысці з гэтага ён будзе мець. А якія карысці для Вашынгтона ў гэтай сітуацыі, у гэтых перамовах?

Паўлюк Быкоўскі: Як вы сказалі, для прапаганды тут ёсць магчымасць прадэманстраваць, што з Аляксандрам Лукашэнкам маюць справу. А вось дзеля чаго маюць справу, тут ёсць хутчэй спекуляцыі назіральнікаў, бо самі Злучаныя Штаты пра гэта вельмі мала кажуць, для чаго яны маюць справу з Аляксандрам Лукашэнкам. З аднаго боку мы чуем, што Аляксандр Лукашэнка можа штосьці параіць у адносінах з Пуціным. Потым мы чуем, што Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца тым, хто можа вырашаць нейкія канкрэтныя праблемы ў рэгіёне. Але гэта ўсё толькі агульныя словы і мы не бачым канкрэтных праяваў выгады для Вашынгтона. Хутчэй за ўсё гэта не ёсць публічным.

Аляксандр Фрыдман

РР: Спадар Аляксандр, вядома, што Трамп патрэбны Аляксандру Лукашэнку, але ці Трампу патрэбны Лукашэнка?

Аляксандр Фрыдман: Лукашэнка можа спатрэбіцца. Лукашэнка разглядаецца Злучанымі Штатамі хутчэй за ўсё як канал сувязі з Масквой, чалавек, які можа, як дарэчы сказаў Джон Коўл, уплываць нейкім чынам на рашэнні, якія прымаюцца ў Крамлі. Гэта таксама крыніца пэўных інсайдаў, крыніца інфармацыі. То бок Лукашэнка можа быць карысным. І таму амерыканцы гатовыя, прынамсі на дадзеным этапе, рабіць нешта для паляпшэння беларуска-амерыканскіх стасункаў, бо Лукашэнка можа ў нейкі момант спатрэбіцца, або ўжо выконвае розныя пасярэдніцкія функцыі паміж Вашынгтонам і Масквой. То бок, кшталту такога дадатковага каналу сувязі.

Але інтарэс Вашынгтона не вялікі, ён звязаны галоўным чынам з урэгуляваннем ва Украіне. Калі нейкім чынам вайна ўсё ж такі спынецца, ці гэты этап вайны спынецца, то можа паступова знікнуць і цікавасць да Лукашэнкі. Лукашэнка разумее, што гэты падмурак стасункаў не вельмі трывалі, таму імкнецца ўзяць з гэтых стасункаў тое, што на дадзены момант можна ўзяць.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя