РР: Абмяркуем успрыняцце Польшчы ў Беларусі. Я сутыкнуўся з падыходам тэлебачання Беларусі: калі адбываліся выбары ў Польшчы, быў такі загаловак: “Дыктатар Дуда прайграў на выбарах”. Тут трэба было разабрацца, бо Дуда ўвогуле не меў дачынення да гэтых выбараў. Але загаловак чапляе людзей. Ахарактэрызуйце вобраз Польшчы ў прапагандысцкіх СМІ Беларусі.

Паўлюк Быкоўскі: Акрамя Расеі і Украіны, Польшча – адзіная, хто прысутнічае ў інфармацыйнай прасторы Беларусі больш за статыстычную памылку. У ТГ за мінулы год набралася 5, 86% матэрыялаў, у якіх згадвалася тэма Польшчы. Даволі шмат, бо ў іншыя мірныя часы столькі не набіралася. Гэта значыць, што ёсць увага. І гэтая ўвага звязаная як з тым, што адбывалася на мяжы, так і з тым, што ўлады Беларусі будуюць цалкам асэнсаваны вобраз ворага з Польшчы. Польшча падаецца як краіна, якая ёсць пагрозай нацыянальнай бяспецы Беларусі. Краіна, у якой ёсць рэваншызм, як быццам бы палякі на сёння прэтэндуюць на вяртанне земляў, якія зараз знаходзяцца ў складзе Беларусі. І што для гэтага прыкладаюцца пэўныя намаганні. Такія наратывы ўкідваюцца. Асобна ад гэтага ёсць наратывы, звязаныя з тым, што паказваюць, што ў Польшчы быццам бы няма дэмакратычнай сістэмы. Усё паказваецца ў такім ключы, што для аўдыторыі даволі складана ўсё гэта праверыць. І потым мы сутыкаемся з тым, што нашыя родныя ў Беларусі, нашыя сваякі могуць сутыкацца з інфармацыяй, што ў Польшчы няма солі, няма грэчкі, таго-сяго. І вельмі здзіўляюцца, што гэта не так. Вось нядаўна мне цешча званіла, што ўся Польшча патанула. Сапраўды, ці ёсць паводка? Ёсць паводка, ёсць праблема. Але наколькі яна драматызуецца ў прапагандысцкіх матэрыялах для таго, каб стварыць вобраз, што, аёй, трэба ўсіх ратаваць! Што толькі Беларусь ёсць выспай стабільнасці, толькі ў Беларусі ёсць няўцягнутасць у вайну і толькі тут ёсць дабрабыт. І ўсё гэта дзякуючы вы ведаеце каму.
РР: Колькі ў Беларусі людзей, якія чытаюць інфармацыю граматна?
Паўлюк Быкоўскі: Сацыялагічная служба Прэс-клуба даследуе тое, што іншыя сацыялогіі накапалі і маюць інфармацыю, і спрабуе нейкім чынам інтэрпрэтаваць. І нашыя высновы, што прыкладна каля 20-25% людзей цікавяцца навінамі штотыдзень. І яны даволі часта перакрыжоўваюцца з тымі, хто чытаюць ці слухаюць незалежныя медыя. То бок, гэта тая аўдыторыя, якая можа атрымаць альтэрнатыўную інфармацыю. Ёсць тыя, хто глядзяць толькі дзяржаўныя медыя. І яны толькі лаяльныя. Але большасць не мае схільнасці ні да таго, ні да другога. У выніку гэтая большасць уразлівая да дэзінфармацыі, бо часам яна ўтвараецца на пустым месцы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя






