Паўночнакарэйскія салдаты ўжо ў Расеі і ў найбліжэйшыя дні пачнуць баявыя дзеянні супраць украінскіх войскаў. Гэта сведчыць аб тым, што КНДР паўнацэнна ўдзельнічае ў вайне з Украінай, заявіў кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак у інтэрв’ю італьянскаму выданню Corriere Della Sera.

Фота: скрыншот
Андрэй Ярмак адзначыў, што пакуль не можа сказаць, пра якую колькасць людзей ідзе гаворка і ці сапраўды паўночнакарэйскія часткі могуць змяніць ход вайны, трэба дачакацца больш падрабязнай інфармацыі. Аднак паўночнакарэйскія вайскоўцы, паводле слоў Ермака, “цалкам мяняюць палітычны сцэнарый і сэнс вайны, выкліканай расейскай агрэсіяй”.
“Дэ-факта мы можам сказаць, што Паўночная Карэя ўдзельнічае ў гэтым канфлікце. Дэ-юрэ афіцыйнай аб’явы вайны з боку Пхеньяна не было, але дэ-факта яны далучыліся да ваеннай агрэсіі супраць нашай краіны – канфлікту, які доўжыцца ўжо дзесяцігоддзе”, – адзначыў Ярмак.
Ён таксама падкрэсліў, што недастаткова проста спыніць баявыя дзеянні, трэба прадухіліць наступную агрэсію, інакш у зоне рызыкі будуць краіны Балтыі і Балканы. “Калі Украіна не спыніць ўварванне, яны будуць наступнымі”.
Адказваючы на пытанне аб магчымасці звярнуцца да НАТА з просьбай аб накіраванні войскаў, Ярмак падкрэсліў, што ўкраінцы “ваююць самі, вядома, пры дапамозе нашых партнёраў, але самі па сабе”, і робяць гэта дастаткова эфектыўна.
У той жа час, адзначыў ён, Украіна мае патрэбу ў дастатковай колькасці зброі і фінансавай падтрымцы, бо толькі моцная і забяспечаная ў ваенных адносінах Украіна будзе гатова да сур’ёзных перагавораў з Расеяй.






