26 студзеня 1990 года беларуская мова здабыла статус дзяржаўнай. Аднак праз дзесяцігоддзі пасля гэтага рашэння яе становішча ў самой Беларусі застаецца супярэчлівым і балючым.
Напрыканцы 2025 года Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю запусціла акцыю «Кожная пятніца — роднае, сваё!», якую актыўна прасоўваюць на тэлебачанні. Ведамства заклікае беларусаў раз на тыдзень не толькі купляць айчынныя прадукты, але і размаўляць па-беларуску, чытаць беларускія кнігі і слухаць беларускую музыку.
У той жа час эксперты адзначаюць: 2025 год стаў годам паглыблення рэпрэсій супраць усяго, што звязана з беларускай мовай, гісторыяй і нацыянальнай ідэнтычнасцю.

Пра стан беларускай мовы ў Беларусі і за яе межамі, пра страчаныя магчымасці, супраціў і надзею мы пагаварылі з Паўлам Баркоўскім, прадстаўніком па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.
РР: 26 студзеня 1990 года беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. Ці помніце той час? Што для вас асабіста было такое прызнанне?
Павел Баркоўскі: Натуральна ў той момант шмат для каго з беларусаў гэта стала такой крыніцай энтузіязму. Бо нават грамадскі попыт казаў пра тое, каб у Беларусі нарэшце беларуская мова займела больш істотнае месца, чым гэта было раней. Для мяне, а я на той момант яшчэ вучыўся ў беларускамоўным Беларускім ліцэі, гэта таксама было асабістым натхненнем, бо сведчыла пра тое, што Беларусь сапраўды можа атрымацца як самастойная, незалежная дзяржава, з уласнымі традыцыямі і гісторыяй.
На жаль, пасля таго, як рэваншысцкія настроі ў грамадстве пачалі пераважаць, калі пачалі казаць вось гэтую мантру, якую цяпер усім расказвае Расея пра зашчамленне правоў рускамоўных, пра тое, што руская мова абавязкова мусіць быць дзяржаўнай мовай, ці другой дзяржаўнай, ці першай. Праз гэта адбыўся сумнавядомы рэферэндум, які ўжо тады праводзіўся на нелегітымнай аснове, але тым ні менш стаў аснаваннем для таго, каб фактычна змяніць цалкам моўную палітыку ў краіне, на жаль, у самы негатыўны бок.
РР: У такіх варунках двухмоўя, існаванне мовы ў выгнанні, па вашых назіраннях, ці можа беларуская мова развівацца без дзяржаўнай падтрымкі?
Павел Баркоўскі: Гэтае пытанне рознабаковае, таму што натуральна для комплекснага развіцця мовы і змены моўнай сітуацыі патрэбная падтымка менавіта дзяржавы. То бок дзяржава сочыць за тым, каб мова выкарыстоўвалася ў сістэме адукацыі, каб яна мела доступ да сродкаў інфармацыі, каб на ёй вяліся і тэлепраграмы, і радыёперадачы, і г.д. Але, натуральна, што ў сучасным свеце грамадства часткова бярэ на сябе гэтую функцыю, і вельмі цешыць, што ў грамадстве змяняюцца настроі.
Асабліва пасля 2020 года людзі больш пачынаюць выкарыстоўваць беларускую мову ў сваім прыватным жыцці, у публічнай дзейнасці, больш пачалі купляць кніг на беларускай мове ў Беларусі, пра што нядаўна была інфармацыя, людзі больш пераходзяць на беларускую мову ў сацыяльных сетках, пачынаюць размаўляць на ёй на вуліцах. І гэта сведчыць, што грамадства пачынае паступова разумець, што захванне і развіццё мовы, гэта ў тым ліку і грамадзянскі абавязак кожнага беларуса.
Калі мы сапраўды лічым мову каштоўнасцю, а пра гэта па дадзеных перапісу выказалася пераважная частка беларусаў, то гэта павінна быць не такая каштоўасць, пра якую мы веаем, але ніколі не карыстаемся, а гэта павінна быць нейкай часткай нашага жыцця. І таму спажываць беларускую культуру на беларускай мове, чытаць кніжкі з дзецьмі, глядзець разам фільмы ў беларускай агучцы, слухаць беларускую музыку – гэта тое, што павінна ўвайсці ў нейкі натуральны жыццёвы досвед кожнага беларуса, які лічыць сябе менавіта беларусам.

РР: Ці назіраеце вы ў Беларусі прыкметы дзяржаўнай беларусізацыі. Недаўна пабачыла такую рэкламу на дзяржаўным тэлебачанні, дзе гаворка ідзе пра тое, што кожную пятніцу трэба набываць штосьці беларускае і гаварыць па-беларуску па пятніцах. І называецца такая рэклама «Беларускія пятніцы». А прыдумала такую рэкламу і стварыла Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Павел Баркоўскі: Вельмі сумна, па-першае, тое, што мы дакаціліся да таго, што трэба абвяшчаць беларускія пятніцы, каб беларусы хоць трошкі думалі пра родную мову. І гэта вынік свядомай дзяржаўнай палітыкі, якая дзесяцігоддзямі проста забівала беларускую мову на ўсіх узроўнях. Не давала развівацца беларускай мове ў бізнесе, выкідвала яе з адукацыі, з інфармацыйнай прасторы.
І ў выніку цяпер гэта хутчэй такі маркетынгавы ход, дзе кажуць купляйце беларускае і заадно ўзгадвайце, што вы беларусы, размаўляйце па-беларуску. Усё ў адзін флакон уключыць, каб беларусы аддчулі нейкі патрыятычны ўздым, і кінуліся сапраўды купляць беларускія тавары з нагоды таго, што яны беларусы.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






