«Вайна – гэта бессэнсоўныя ахвяры». Пра гэта найперш варта памятаць. Так кажа наш сённяшні госць, кандыдат гістарычных навук Павел Церашковіч. З Госцем Рацыі паразмаўляла Яна Запольская.

Скрыншот з відэа.
РР: Уноч з 8-га на 9-е траўня, як вядома, быў падпісаны Акт аб капітуляцыі нацысцкай Германіі. Дзень Перамогі, калі адкінуць усе гэтыя ідэалагічныя налёты і прапагандысцкія штампы, якім павінен быць? Пра што мы павінны памятаць у гэты дзень?
Павел Церашковіч: Тут я зраблю такую заўвагу, што на самой справе Акт аб капітуляцыі быў падпісаны 7 траўня.
РР: Так, гэта другі быў, які падпісаў маршал Жукаў.
Павел Церашковіч: Так, гэта быў ужо другі. І таму па-рознаму святкуюць на Захадзе і ў былых рэспубліках Савецкага Саюза. А так, безумоўна, Другая Сусветная вайна, якая дарэчы не скончылася 8 траўня, яна скончылася пазней, гэта найвялікшая вайна ў гісторыі чалавецтва, якая выклікала найбольшую колькасць ахвяраў, і перадусім тут трэба не святкаваць, а ўспамінаць тых, хто загінуў, галоўным чынам бессэнсоўна, бо любая вайна бессэнсоўная. Гэта павінна быць не свята, а дзень смутку, дзень успамінаў і дзень думак, каб гэта больш ніколі не паўтарылася.
РР: Што вы адчуваеце, калі чытаеце навіны, бачыце гэтыя паведамленні пра бязглуздыя флэшмобы са стаяннем на адной назе з кнігамі на галаве, гэтыя «бессмяротныя палкі», якія, як даведваемся з навінаў, зноў рушаць вуліцамі Беларусі.
Павел Церашковіч: Тут шмат чаго бязглуздага можна дадаць. І гэты штурм нібыта «рэйхстагу» ў Гародні, насамрэч палаца тэкстыльшчыкаў. Сапраўды, на маю думку, гэта абражае памяць пра тыя трагедыі, якія адбыліся ў гады Другой Сусветнай вайны. Я не хачу ў гэта ўдавацца, але бачу, што ідзе такая кшталту эпідэмія ідыятызму з Расеі. Проста мясцовыя ідэолагі капіруюць тыя практыкі, якія вынайшлі ў Расеі.
РР: А ці можна сказаць, што ідзе падмена сэнсу, бо на добры розум узяць, калі тут можна казаць пра нейкі добры розум, калі б улады сапраўды ставілі сабе мэтай тое ж выхаванне патрыятызму, пра якое ўвесь час гаворыцца, то дастаткова было б сказаць гэтую праўду пра вайну. Навошта гэта ўсё? Якая мэта ў гэтым усім?
Павел Церашковіч: Мэта тут відавочная. Калі кажуць «перамога», то разумеюць толькі адну перамогу. Ідэалогія ўчапілася ў гэтую падзею, гэтую дату. Таму што іншых перамог няма. І паглядзіце, як мянялася стаўленне да гэтай даты. Бо пасля вайны, здаецца, толькі два гады адзначалі Дзень перамогі. А потым Сталін ад гэтай практыкі адмовіўся. А вярнуліся да парадаў, да такіх масавых святкаванняў ужо пры Брэжневе, калі Савецкі Саюз быў ужо ў стане крызісу і не было іншых перамог. І вось учапіліся за гэта. Ну і тут самае галоўнае, што ўсе гэтыя апавяданні пра ворагаў, якія на нас напалі, выкарыстоўваюцца прапагандай дзеля таго, каб умацаваць рэжым, нейкім чынам аб’яднаць людзей, калі гэта атрымаецца, таму што заўсёды эмацыянальна гэта ўспрымаецца, што на нас напалі. І зараз гэта таксама інтэрпрэтуецца, што Захад – гэта новая форма нацызму, яны зноў збіраюцца на нас напасць, таму трэба гуртавацца. Тут абсалютна зразумела, што ідзе, як гісторыкі кажуць, інструменталізацыя гісторыі дзеля паўсядзённых ідэалагічных мэтаў перадусім каб захаваць рэжым.
РР: І гэты лозунг «Трэба паўтарыць», маючы на ўвазе пераможны паход на Берлін, ён цяпер таксама ўбіваецца ў галовы ўсім беларусам, уключаючы нават дзіцячыя садкі, дзе ствараюцца нейкія ваенна-патрыятычныя групы, што таксама выглядае бязглуздым.
Павел Церашковіч: Сэнс тут такі – гэта тое, што праходзіла Расея, шляхам выкарыстання ўсіх гэтых карнавальных формаў, якія ў народзе назвалі «пабедабесіем». А сэнс іх у тым, каб прывучыць людзей да таго, што вайна – гэта нармальна, што вайна павінна ісці за кошт жыццяў людзей. Нібыта была нейкая перамога, але вайна насамрэч не скончылася. І што агрэсія Расеі ва Украіне – гэта працяг Вялікай Айчыннай вайны, гэта працяг барацьбы з нацызмам. Вось у гэтым увесь сэнс. І бачна, што ў Беларусі ўдала ідуць па тым жа самым шляху.
РР: Звычайна ў Беларусі і Расеі праводзяцца вайсковыя парады. Гэта штосьці важнае? То бок, калі б была іншая Беларусь, такі вайсковы парад павінен быў бы мець месца?
Павел Церашковіч: Магчыма і павінен. Таму што паглядзіце, зараз гэтае 80-годдзе перамогі над нацызмам святкуюць ужо не толькі на былой савецкай прасторы, але і ў іншых краінах, у тым ліку заходніх. Там ёсць таксама парады. Але нельга сказаць, што яны праводзяцца з такім вялікім размахам, як гэта робіцца ў Маскве ці ў Менску. Розніца ёсць.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіву Паўла Церашковіча.