Госць Рацыі – намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінету, прадстаўнік па транзіце ўлады, кіраўнік НАУ Павел Латушка.
РР: Будзем абмяркоўваць спорт, але ў спорт, як звычайна ў Беларусі, умешваецца палітыка. Былы галоўны трэнер зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы Юрый Майсевіч адхілены ад удзелу ў спорце на пяць гадоў. Гэта акурат гісторыя з Крысцінай Ціманоўскай на Алімпіядзе 2020 года ў Токіо. Які каментарый на гэты конт?
Павел Латушка: Я думаю, многія памятаюць галосную гісторыю, звязаную са спробай прымусовага вывазу Крысціны Ціманоўскай з Алімпійскіх гульняў у Токіо ў 2021 годзе, калі менавіта чальцы кіраўніцтва Нацыянальнай зборнай Беларусі на Алімпіядзе спрабавалі пасадзіць яе ў самалёт і накіраваць у Беларусь. І мы займаліся тады дапамогай у эвакуацыі Крысціны Ціманоўскай. Таксама дыяспара наша беларуская ў Японіі дапамагала, пазьней урад Польшчы. У выніку ўсё склалася добра і Крысціна змагла выехаць на тэрыторыю Польшчы.
Але факт прымусу быў зафіксаваны і цягам гэтых трох гадоў юрысты НАУ аказвалі дапамогу ў тым, каб прыцягнуць да адказнасці тых асобаў, якія ажыццяўлялі гэтыя супрацьзаконныя і супрацьспартыўныя адносіны да Крысціны Ціманоўскай. У выніку гэтая справа завяршылася. Учора Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі апубліквала прэс-рэліз, у якім прадставілі публічную інфармацыю пра тое, што Юрый Майсевіч, які з’яўляўся галоўным трэнерам Нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы, у адносінах да яго ўведзены санкцыі, забарона на 5 гадоў удзельнічаць і прысутнічаць на спартовых мерапрыемствах. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што тыя асобы, якія здзяйсняюць супрацьзаконныя дзеянні, будуць пакараныя. Адказнасць наступае, як бы доўга яна не ішла.
З іншага боку, гэта таксама нагода, каб звярнуць увагу на тэму палітзняволеных і палітзняволеных спартсменаў. На жаль, сярод тысяч беларускіх палітзняволеных, таксама ёсць і спартсмены – гэта каля 30 асобаў, супраць якіх ажыццяўляецца гвалт.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя