BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Павел Латушка: Баючыся “заштурхаць Лукашэнку ў абдымкі Расеі“, Захад мае адваротную сітуацыю

У Бруселі прайшла трэцяя сустрэча кансультатыўнай групы «Беларусь – Еўразвяз», дзе сабраліся прадстаўнікі дэмакратычных сілаў і заходніх партнёраў для абмеркавання актуальнай павесткі Беларусі.

Намеснік кіраўніцы АПК, прадстаўнік па транзіце ўлады Кабінета Павел Латушка выказаў перакананне, што стратэгія міжнароднай супольнасці, якую можна ўмоўна назваць «не злаваць дзеда», недальнабачная:

– На жаль, Захад не дэманструе моцнай стратэгіі супрацьдзеяння рэжыму Лукашэнкі. Гэта важны інстытут і інструменты, якія ў нас ёсць. Але мы бачым забюракратызаванасць працэсу, не гатоўнасць усіх 27 краінаў працаваць у адзіным, агульным рашэнні ў бок пакарання Лукашэнкі за злачынствы супраць беларусаў, увядзення больш моцных санкцый. Так, мы спадзяемся, што да канца белгійскага старшынства будуць прыняты санкцыі. Я сказаў сёння шчыра, што не цвяліць дзеда, гэта не стратэгія, гэта прывядзе да стратэгічнай катастрофы.

Адпаведна Павел Латушка закрануў праблему магчымага закрыцця ўсіх прапускных пунктаў Польшчай на мяжы з Беларуссю:

– Я заклікаў не стварыць з Беларусі Паўночную Карэю. Мы шчыра казалі ім, што выдаткаванне велічэзных сродкаў на бяспеку, калі б частку гэтых сродкаў накіраваць на змены ў Беларусі і пачаць гэтыя змены менавіта з Беларусі, бо гэта лягчэй, чым у Расейскай Федэрацыі, то можа пазней не спатрэбяцца такія сродкі на ўласную абарону. Дарэчы, задаў пытанне па перспектыве ўвядзення лічбавай візы для грамадзянаў Беларусі, і гэтыя перспектывы ёсць, тэарэтычна 2026 год.

Таксама падчас паседжання кансультатыўнай групы «Беларусь – Еўразвяз» адбылася сустрэча з галоўным дыпламатам ЕЗ Жазэпам Барэлем, які анансаваў на верасень запрашэнне беларускіх дэмакратычных сіл на паседжанне міністраў замежных спраў ЕЗ па пытанні Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя