Правакатар з Беларусі напаў на Паўла Латушку ў Варшаве. Мужчына кінуўся са сметніцай на палітыка са словамі «Здрайца! Хацеў спаліць апазіцыянераў!». Гэта адгалосак учарашніх заяваў Аляксандра Лукашэнкі ў бок беларускай апазіцыі. Ён мэтанакіравана з прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці робіць так званых «бандытаў». Пра гэта і не толькі паразмаўлялі з Паўлам Латушкам.

РР: Пачнем з выказвання Аляксандра Лукашэнкі. 2020 год усё яшчэ жыве. Цытата: «Хацелі сабраць у адным доме ў цэнтры Мінска і спаліць усіх лідараў апазіцыі, у тым ліку і Святлану Ціханоўскую. І хацеў гэта зрабіць Павел Латушка». Так выказаўся Аляксандр Лукашэнка. Вашая рэакцыя ўжо ёсць у сацыяльных сетках на гэтае выказванне, Ну і, калі ласка, што вы думаеце на гэты конт?
Павел Латушка: Толькі што я атрымаў мэйл ад асобы, якая пастаянна накіроўвае мне пагрозы пра забойства, пра тое, што я магу быць захоплены на тэрыторыі Польшчы, Еўропы і вывезены ў Беларусь. І ў гэтай інфармацыі ён фактычна спасылаецца на дэкларацыю Лукашэнкі пра тое, што ў бліжэйшыя тыдні будзе прадэманстравана штосьці, што мае на мэце дыскрэдытаваць апазіцыю. Гэтая асоба сцвярджае, што дзеля гэтага менавіта быў выпушчаны Сяргей Ціханоўскі.
Ён падкрэслівае, што ў 2020 годзе ўсіх праслухоўвалі і здымалі. І ён піша таксама, што гэта не «бомба», а «бамбішча». Ён таксама адзначае, што Кіт Келаг, спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША, нібы глядзеў гэты матэрыял. Такое паведамленне я фактычна адразу атрымаў пасля публікацыі свайго каментара. Мой каментар вельмі ясны і адназначны: Лукашэнка – гэта паталагічны хлус, ён пераўзыйшоў самога сябе, ён выдумаў гэтую гісторыю, альбо выдумала гэтую гісторыю КДБ. Магчыма пад той фільм, які яны плануюць прадэманстраваць бліжэйшым часам.
9-10 жніўня, у гэтую ноч, як і пазней, я з’яўляўся генеральным дырэктарам Купалаўскага тэатра. І менавіта сваімі вачыма бачыў агонь ад узрываў гранат над цэнтрам Менска, калі менавіта дыктатар Лукашэнка даў загад забіваць беларусаў і здзекавацца над беларусамі. Адзіны будынак, які сапраўды ахоўвала «Альфа» КДБ, якую згадвае Лукашэнка – гэта адна з шматлікіх, бадай з 20-ці, рэзідэнцый дыктатара, дзе ён схаваўся, сядзеў у страху, у сувязі з велічэзнай масай людзей, якія выказвалі сваю нязгоду і пратэст. Бачна, што да гэтага часу Лукашэнку не пакідае гэты страх. Ён вельмі палохаецца. Хаця, я думаю, каментаваць гэта даволі цяжка, а можа нават і не трэба. Тут хутчэй трэба ставіць дыягназ дыктатару Лукашэнку.
РР: А ўвогуле што адбываецца. Вельмі шмат фактараў завязана. Вы кажаце, што ёсць інфармацыя, што нібыта Кіт Келаг глядзеў нейкія відэа з 2020 года. Гэта былі нейкія аргументы ў перамовах з амерыканцамі?
Павел Латушка: Я не магу гэта сцвярджаць. Гэты мэйл падпісвае нейкі Улад Філіпаў, які піша мне на працягу апошніх гадоў пагрозы забойства і пагрозы таго, што я буду захоплены і вывезены на тэрыторыю Беларусі. Яны носяць сістэмны характар, мэтанакіраваны характар. Я разумею, што гэта хутчэй за ўсё асоба, якая працуе, альбо проста супрацоўнік спецслужбаў. Таму я не магу сцвярджаць, ці глядзеў штосьці Кіт Келаг, але мы можам дапускаць такі варыянт.
Лукашэнка хоча стварыць у вачах партнёраў вобраз апазіцыі, як ён сам сказаў учора, “бандытаў”. Гэта яго стратэгія. Ён хлусіць, ён хлусіць пра збіццё сілавікоў, якіх не было ў 2020-ым і пазнейшыя гады, што хтосьці з іх быў паранены, цярпеў. Усё было наадварот. Гэта той чалавек, які тысячамі ў гэтыя жнівеньскія дні саджаў людзей, працягваў гэта рабіць у 20-х – 21-х гадах і працягвае рабіць да сённяшніх дзён. Нават тое памілаванне, пра якое мы пачулі, 16 асобаў… Некалькі дзён таму праваабаронцы «Вясны» прызналі 11 новых асобаў палітзняволенымі. Гэта ўсё пакуль выглядае як канвеер. Не спыняюцца рэпрэсіі. Мы ведаем, што аднаго з лідараў гурта «Палац» Алега Хаменку затрымалі. Не ведаем, што з ім адбываецца. Такія прыклады кожны дзень прыходзіць да нас.
У гэтых сваіх выказваннях бачна, што Лукашэнка не перажыў 2020 год, ён мае інфармацыю ад сацыёлагаў, што ў яго няма падтрымкі большасці беларусаў. Я нават магу расчараваць яго: я перакананы, у мяне няма ані працэнта, ані ёты сумневу, што абсалютная большасць тых асобаў, якія сядзелі ў зале ў Палацы Рэспублікі, чакаюць таго моманту і будуць шчаслівыя, будуць радавацца і піць шампанскае, калі на гэтай сцэне больш ніколі не пабачаць дыктатара Лукашэнку. Бо гэтае вар’яцтва, гэтая хлусня, тое, да чаго ён вядзе нашую краіну, не можа не бянтэжыць большасць беларусаў. Яны разумеюць, што сёння пры ўладзе ў Беларусі вар’ят. Вар’ят не з пункту гледжання псіхічнай хваробы, а з пункту гледжання таго, якія рашэнні ён прымае і да чаго яны прыводзяць з пункту гледжання нацыянальных інтарэсаў дзяржавы.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






