Госць Рацыі – намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

РР: Учора Польшча заявіла пра закрыццё межаў, а сёння сітуацыя яшчэ больш пагоршылася ў сувязі з дронамі, якія, як заяўляе польскі бок, ляцелі між іншым і з тэрыторыі Беларусі.
Павел Латушка: Гэта пакуль яшчэ кантралюемая эскалацыя. Але гэта сапраўды эскалацыя напружанасці, якая звязаная з комплексам дзеянняў з боку рэжыму Лукашэнкі і Расейскай Федэрацыі. Гэта і падтрымка рэжымам Лукашэнкі агрэсіі супраць Украіны, гэта гібрыдная вайна з выкарыстаннем мігрантаў на межах, гэта затрыманне нібы “польскіх шпіёнаў” – грамадзянаў Польшчы на тэрыторыі Беларусі, гэта акты дыверсій і сабатажу, якія ладзяць спецслужбы Лукашэнкі у супрацы з расейскімі спецслужбамі на тэрыторыі Польшчы. Гэта ў тым ліку і экстэрытарыяльныя злачынствы – пераслед беларусаў, колькі крымінальных спраў было пачата завочна, колькі пагрозаў, вярбоўкі. Гэта ўсё ў комплексе разглядаецца польскім бокам. І гэта было пакладзена ў аснову прыняцця рашэння польскім урадам аб закрыцці памежных пераходаў. Канешне, вучэнні “Захад 2025”, улічваючы гісторыю 2022 года, выклікаюць заклапочанасць у краін НАТА, у краін-суседзяў. І Польшча пайшла на гэту беспрэцэдэнтную меру. Я не памятаю, як былы амбасадар, каб у аднабаковым парадку такія рашэнні былі прынятыя.
Мы, як Кабінет, падтрымліваем максімальны ціск на рэжым Лукашэнкі. Мы просім нашых партнёраў выкарыстаць гэты ціск, каб дасягнуць асноўных мэтаў – вызвалення ўсіх палітвязняў, спынення рэпрэсій. Канешне, польскі бок патрабуе спынення гібрыднай агрэсіі. І, зразумела, у перспектыве – гэта грамадскі дыялог, трэба ратаваць краіну. Лукашэнка цягне нашу краіну ў пастку, у абдымкі РФ. Ён хоча знішчыць нашу дзяржаву. Але мы за тое, каб захоўваліся кантакты дзеля людзей. Бо Беларусь – гэта не Расея. Беларусы супраць вайны ў большасці. Беларусы хочуць жыць разам з дэмакратычным светам. І важна, каб гэтая камунікацыя была. Але ўрады прымаюць рашэнні перадусім зыходзячы са сваіх меркаванняў. І канешне яны будуць забяспечваць бяспеку сваіх грамадзян. Закрыццё мяжы – гэта перадусім моцны эканамічны ўдар па рэжымку Лукашэнкі.
РР: Удар таксама па Кітаі. Міжнародныя актары ўвязваюцца ў гэта. Ці гэта можа нейкім чынам спрацаваць і ці Лукашэнка баіцца Кітая, у які тавары не паедуць?
Павел Латушка: Учора міністр Кервінскі сказаў, што будзе закрыта мяжа пакуль не знікнуць пагрозы для грамадзянаў Польшчы. Гэта вельмі агульнае паняцце, але яно дае поле для манёўра польскаму боку, так што хутчэй мы будзем глядзець, што гэта максімальны пасыл. Што тычыцца Кітая, канешне, Лукашэнку трэба будзе нейкім чынам пайсці на саступкі. Калі Кітай ўключыцца ў гэты працэс і дасць сігнал Лукашэку спыніць гібрыдную агрэсію, атакі ў бок Польшчы, то Лукашэнка можа спаслацца на тое, што яго папрасіў яго вялікі сябар Сі і ён для яго гэта зрабіў, а не падпарадкаваўся Захаду. Што ён скажа, нам усё роўна, галоўнае як мы будзем разумець і ўспрымаць гэтую сітуацыю.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






