BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Павел Латушка наведвае Падляшша

Госць Рацыі – намеснік старшыні АПК і кіраўнік НАУ Павел Латушка. Цяпер ён знаходзіцца з візітам па Беласточчыне, у тым ліку наведаў і рэдакцыю Радыё Рацыя. Пра гэты візіт з палітыкам размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

Павел Латушка
Павел Латушка

РР: Вы зараз на Беласточчыне, з якімі мэтамі? Ведаю, што вы сустракаліся ў Гайнаўцы, а таксама сустракаецеся з прадстаўнікамі беларускай дыяспары Польшчы і нацыянальнай беларускай меншасці. Навошта і для чаго?

Павел Латушка: Вы ведаеце, што Беласточчына і Беластоцкі край для мяне блізкія старонкі, яшчэ з 1996 года, калі я пачаў тут працаваць віцэ-консулам, пазней – і паслом, і міністрам культуры і будучы прадстаўніком ЮНЕСКА не аднойчы прыязджаў і зараз тут вельмі прыемна бываць, таму што тут шмат знаёмых, сяброў і добрых людзей. І мэта майго прыезду з’яўляецца перадусім сустрэцца з прадстаўнікамі арганізацыі беларускай меншасці, якая тут жыве стагоддзямі, у Польшчы. Але таксама і сустрэцца з беларускай дыяспарай, каб абмеркаваць магчымае супрацоўніцтва.

Вось ужо адбылася сустрэча ў Цэнтры беларускай культуры ў Беластоку. Сімвалічна, што калісьці працуючы амбасадарам я адкрываў у Беластоку Цэнтр беларускай культуры як частку нашага пасольства, дыпламатычнай установы. На жаль, ён ужо не функцыянуе, але дзякуй Богу і дзякуючы падтрымцы мясцовых уладаў, ёсць Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, які ўзначальвае Анатоль Вап. І мы абмяркоўвалі магчымыя сумесныя праекты з Музеем вольнай Беларусі. Гэта ініцыятыва НАУ, арганізацыі выставаў як у Варшаве ў будынку музея, так і тут, і ў Польшчы, прэзентацыя тых кніг, а таксама супрацоўніцтва ці дапамога ў супрацоўніцтве з беларускімі гісторыкамі, якія, на жаль, апынуліся па-за межамі Беларусі. Сёння сустрэўся са старшынём Беларускага саюза ў Польшчы Яўгенам Вапам тут, у вас, у Радыё Рацыя. Абмяркоўвалі тое, што адбудзецца юбілей тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” – 70 гадоў. Гэта выключны, выбітны юбілей.

Яшчэ планую паехаць у Гайнаўку, там адбудзецца стоднёўка. Вось беларусы можа не ведаюць, але важна расказаць, што ў Польшчы такая традыцыя, што выпускны ў школах адбываецца не пасля здачы экзаменаў, а за 100 дзён да экзаменаў.

Я згадваю, што першы раз быў на стоднёўцы ў 1997 годзе. Так што я шмат разоў прыязджаў у Гайнаўскі і ў Бельскі ліцэі з дадатковым навучаннем беларускай мовы і вось па запрашэнні ліцэістаў ліцэя я буду знаходзіцца там. І таксама важна камунікаваць.

РР: Для вас як для палітыка ўвогуле што даюць гэтыя візіты? Вядомая справа, што каб зразумець нейкія настроі, зразумець людзей, якія таксама займаюцца гэтай дзейнасцю.

Павел Латушка: Па-першае, я абраны беларусамі член Каардынацыйнай рады. За нашу фракцыю, за мяне, Паўла Латушку, галасавала 2300 беларусаў, у тым ліку беларусаў, якія жывуць у Беластоку і ў Падляшскім ваяводстве ў Польшчы.

Будзе і сустрэча, напрыклад, сёння з былой палітзняволенай, для якой, я спадзяюся, будзе вырашанае пытанне з сацыяльным жыллём тут, у Беластоку. Дзякую кіраўніцтву горада Беластока. А таксама тут ёсць і пісьменнікі беларускія, паэты. І таксама добрая навіна ад аднаго з аўтараў беларускіх, не буду называць яго імя, што і горад Беласток падтрымае выданне яго чарговай кнігі. Ён дзякаваў мне, дарэчы, падчас прыёму ў прэзідэнта Польшчы.

Але для мяне, як для палітыка, можа, для беларуса нават перадусім, не як для палітыка, важна, каб беларусы, якія тут жылі стагоддзямі, і беларуская дыяспара, якая воляй лёсу, не па сваёй ініцыятыве, а ў сувязі з гэтай жудаснай палітыкай рэжыму апынулася тут, каб былі разам, каб мы кантактавалі, каб камунікавалі, ладзілі сумесныя мерапрыемствы. Вось, я думаю, для нас гэта вельмі важна, гэта пашырае нашы магчымасці і дае ўнікальную магчымасць беларусам, якія прыехалі з Беларусі, пазнаць, як яны як беларусы тут, у Польшчы, змаглі захаваць беларускасць, беларускую школу, культуру, мову.

Цалкам гутарка:

Павел Латушка ў рэдакцыі Радыё Рацыя
Павел Латушка ў рэдакцыі Радыё Рацыя
Павел Латушка ў рэдакцыі Радыё Рацыя
Павел Латушка ў рэдакцыі Радыё Рацыя
Павел Латушка ў рэдакцыі Радыё Рацыя

Беларускае Радыё Рацыя