Госць Рацыі – намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету і кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Павел Латушка.

РР: У Беларусі пачаліся размовы пра выбары. Александр Лукашэнка выказаўся пра магчымую дату правядзення выбараў. Яшчэ шмат багата чаго сказаў. Напрыклад, тое, што не пазней 20 ліпеня павінны адбыцца ў Беларусі выбары. Выглядае, што Аляксандр Лукашэнка на гэтыя выбары збіраецца, хоць раней былі нейкія спекуляцыі.
Павел Латушка: Я думаю, што збіраецца, бо ўявіць сабе такое немагчыма, каб не пайшоў. Лукашэнка гэта той чалавек, які любіць у сваім жыцці толькі адно – ўладу. Ён гэтай улады будзе трымацца да апошняга дня. Уладу ён любіць больш чым свайго малодшага сына. Ён разумее, што яго персанальная бяспека існуе датуль, пакуль ён будзе пры ўладзе. І ён атрымлівае ад гэтага асалоды. Гэта хворы на ўладу чалавек. Я думаю, што ўсе беларусы гэта ведаюць, большасць напэўна ведае пра гэта.
Згадваюць пра чатыры даты. Яны спекулююць. Магчыма яны дыскутуюць, Лукашэнка можа хоча пачуць меркаванні псеўдадэпутатаў, але сам для сябе прыняў рашэнне. Магчыма гэта будзе 23 лютага. Бо калі мы пабачым, што дыскусія ў яго парламенце адбудзецца пасля 17 верасня, то дзесьці за пяць месяцаў павінны быць абвешчаны выбары. Прыблізна гэтае рашэнне можа быць прынята да 22 верасня. Паглядзім, пабачым. Калі не будзе прынята, значыць напэўна выбары 23 лютага не адбудуцца. За пяць месяцаў яны павінны быць абвешчаны.
РР: Па адчуваннях Аляксандра Лукашэнкі, якая дата была б найлепшая?
Павел Латушка: Я думаю, ён хоча зараз сабе забяспечыць максімальна без рызыкаў правядзенне гэтых выбараў. Бо ён бачыў, што адбылося ў 2020 годзе. Беларусы не змянілі свой пункт гледжання. Гэта паказваюць усе сацыялагічныя апытанні. Я хацеў бы запэўніць усіх, хто слухае, перадавайце гэтую інфармацыю: Лукашэнка не мае падтрымкі ў беларускім грамадстве. Больш рэальна можам казаць пра 20-25% падтрымкі, але абсалютная большасць беларусаў выступае за дэмакратычную форму праўлення. 65% беларусаў за змены і не хочуць бачыць Лукашэнку. Я скажу так, што сёння кожны, хто выставіць сваю кандыдатуру супраць Лукашэнкі, калі б былі выкананы ўмовы правядзення выбараў, калі б яны былі дэмакратычныя і свабодныя, выйграў бы. Лукашэнка прайграў бы з трэскам, і гэтых 20% ён не атрымаў бы, я перакананы.
РР: Але Лукашэнка сёння запрашаў прадстаўнікоў апазіцыі далучацца да гэтых выбараў. Кажа: прыязджайце і перамажыце.
Павел Латушка: Так, у сённяшнім маналогу ён узгадаў апазіцыю і сказаў: калі ласка, удзельнічайце ў выбарах, вядзіце барацьбу. Узгадаў ён не маё прозвішча. Але ў сувязі з гэтым я хацеў бы яму адказаць вельмі дакладна і прама. Я гатовы прыняць удзел у выбарах на пасаду прэзідэнта Беларусі ў 2025 годзе. Я гатовы прыняць удзел і распавесці беларусам, хто ён і што ён сабой ўзяўляе. Аднак у мяне ёсць умовы, якія ён павінен выканаць. Гэта: спыніць рэпрэсіі ў краіне і вызваліць усіх былых кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беларусі, якія былі затрыманыя і сядзяць у турмах з 2020 года; а таксама ўсіх палітычных зняволеных, якіх ён катуе ў турмах. Я гатовы прыняць удзел у выбарах, калі ён спыніць крымінальныя справы ў адносінах да беларусаў, якія вядуць барацьбу за дэмакратыю апошнія чатыры гады; калі ён адменіць усе палітыка-матываваныя прысуды, якія вынесены ў адносінах беларусаў. І тады будуць знятыя санкцыі, калі ён узгадвае мяне як раз у кантэксце санкцый. Я гатовы прыняць удзел у выбарах прэзідэнта ў 2025 годзе, калі ён забяспечыць міжнароднае назіранне, калі на кожным выбарчым участку будуць незалежныя нацыянальныя назіральнікі і міжнародныя назіральнікі. Але ён баязлівец, ён гэтага не зробіць. З таго, што я пералічыў, ён не зробіць нічога. Таму што вельмі дакладна аддае сабе справаздачу ў тым, што ён не мае падтрымкі ў беларускім грамадстве. Інакш гэтых рэпрэсій не было б.
Цалкам размова:
Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя