BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Павел Латушка: Я веру, што адказнасць наступіць

136 тысяч ахвяр. Такую лічбу падае беларускі палітык Павел Латушка, які ацэньвае хвалю рэпрэсій пасля выбараў 2020 года.

Адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці беларускай апазіцыі за мяжой – прыцягненне да адказнасці за гэтыя злачынствы, як чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі так і самога Аляксандру Лукашэнку, якога ў Еўропе не прызнаюць легітымным кіраўніком дзяржавы. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне працуе па двух кірунках, іх прыгадвае кіраўнік структуры Павел Латушка.

— Першае, адказнасць за злачынства супраць чалавечнасці. 136000 ахвяраў зафіксавана ў Беларусі. Гэта жудасныя злачынствы. І ёсць прававыя падставы. Я не магу сказаць усё, перапрашаю, але мы вядзем камунікацыю з шэрагам міністэрстваў замежных справаў. Вельмі дакладную, канкрэтную, аб тым якім чынам можна скіраваць гэтую справу ў міжнародны крымінальны суд. Другі кірунак адказнасці — гэта ўкраінскія дзеці, звязаныя з незаконным вывазам іх на тэрыторыю Беларусі і пераадукацыю.

А па другім кірунку, дадае Павел Латушка, важнае супрацоўніцтва таксама з Украінай. Тут пераломныя навіны. Таксама гэта вынік працы беларускіх апазіцыйных колаў.

— Фактычна ўпершыню афіцыйны прадстаўнік Украіны ў Жэневе падчас паседжання па правах чалавека заявіў, што гэта ваенныя злачынствы. Кажучы пра дзеянні Лукашэнкі і яго рэжыму. Міжнароднае права яно цяжкое, трэба шмат часу, але мы не спыняемся. Я веру, што адказнасць наступіць.

Ад пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны каманда НАУ працуе над зборам доказаў па справе, якая кваліфікуецца, як ваеннае злачынства. А гэта незаконнае перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей, у тым ліку сірот, з часова акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторый у Беларусь.

Беларускае Радыё Рацыя