Аляксандр Лукашэнка згадвае 2020 год, апазіцыя яму адказвае. Напярэдадні на ўрачыстасцях да Дня незалежнасці прагучала заява, маўляў, нібыта менавіта Павел Латушка хацеў сабраць у паслявыбарчую ноч у цэнтры Менску штаб Ціханоўскай і спаліць яго, каб ачоліць апазіцыю.

Гэтыя словы Павел Латушка называе фантазіямі:
– Мой каментар вельмі ясны і адназначны: Лукашэнка – гэта паталагічны хлус, ён пераўзыйшоў самога сябе, выдумаў гэтую гісторыю, альбо выдумала гэтую гісторыю КДБ. Магчыма пад той фільм, які яны плануюць прадэманстраваць бліжэйшым часам.
Рэжымныя структуры рыхтуюць падмурак для апраўдання агрэсіі, пра гэта кажа Павел Латушка. Таксама Аляксандр Лукашэнка расказаў, што нібыта «зняў “Альфу” і кінуў туды», каб ахоўвалі месца, дзе сабралася апазіцыя. І гэты факт пракаментаваў Павел Латушка:
– Адзіны будынак, які сапраўды ахоўвала «Альфа» КДБ, якую згадвае Лукашэнка – гэта адна з шматлікіх, бадай з 20-ці, рэзідэнцый дыктатара, дзе ён схаваўся, сядзеў у страху, у сувязі з велічэзнай масай людзей, якія выказвалі сваю нязгоду і пратэст. Бачна, што да гэтага часу Лукашэнку не пакідае гэты страх. Ён вельмі палохаецца.
Сёння правакатар з Беларусі напаў на Паўла Латушку ў Варшаве. Мужчына кінуўся са сметніцай у бок палітыка і словамі «Здрайца! Хацеў спаліць апазіцыянераў!». Нападнікам аказаўся Яўген Казанцаў. Яму 33 гады. Ён прыехаў вучыцца па праграме маладых навукоўцаў.
Беларускае Радыё Рацыя






