Кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка даваў сёння, 14 жніўня, паказанні па справе аб перамяшчэнні ў Беларусь украінскіх дзяцей. У эфіры нашага радыё ён паведаміў падрабязнасці гэтай сустрэчы.
РР: Нам цікава, каб вы агучылі падрабязнасці гэтай сустрэчы. Сёння вы давалі паказанні ў польскай пракуратуры, хаця справа была заведзеная па запыце пракуратуры Літвы.
Павел Латушка: Апошнім часам я часты госць у пракурораў. Прычыны розныя. Першая прычына. У Лодзі я быў у пракуратуры ў сувязі з крымінальнай справай аб тым, што ўсталяваная асоба падбухторвала да майго забойства па заданні спецслужбаў. Гэтая справа праводзіцца пракуратурай у Лодзі. На жаль, пасля гэтага таксама ажыццяўляліся некаторыя дзеянні, якія сведчаць пра тое, што тыя людзі, якія плануюць злачынствы, працягваюць дзейнічаць. Што ж, як ёсць, так ёсць. Але мы працягваем сваю барацьбу. І наша мэта – прыцягнуць да адказнасці Лукашэнку і яго памагатых. Мы не спынемся, як бы шмат высілкаў і часу гэта не заняло.
Але сёння я сапраўды даваў паказанні ў якасці сведкі па крымінальнай справе, якая ўзбуджана Генеральнай пракуратурай Літвы. І паступіў запыт у Нацыянальную пракуратуру Польшчы пра аказанне прававой дапамогі. У рамках гэтай прававой дапамогі я прадставіў сведчанні пра факты дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны, акупаваных Расеяй, калі іх перавозяць у Беларусь.
Мы прадставілі факты і кантэкст, як гэта ажыццяўляецца. Мы ведаем, што ўжо больш за тры з паловай тысяч украінскіх дзяцей вывозілася на тэрыторыю Беларусі з акупаваных тэрыторый Украіны. Мы прадставілі інфармацыю пра іх сацыяльны статус. Гэта ў асноўным сіроты, дзеці з сем’яў з матэрыяльнымі праблемамі, няпоўных сем’яў, а таксама дзяці, якія маюць бацькоў. Мы прадставілі інфармацыю пра канкрэтныя рэгіёны, з якіх яны вывозяцца. Гэта з Херсонскай, Данецкай, Луганскай, Запарожскай абласцей Украіны. Мы таксама падзяліліся інфармацыяй з пракуратурай Літвы пра тое, дзе іх размяшчае рэжым Лукашэнкі, і прадставілі схему, якая распрацавана самім Лукашэнкам, яе можна назваць арганізацыйнай. А таксама пра тое, якія структуры, дзяржаўныя і пазадзяржаўныя, прымаюць удзел у гэтых злачынствах.
Усе гэтыя матэрыялы былі перададзены літоўскай пракуратуры праз польскую. У бліжэйшы час яны трапяць у Вільню. Важна падкрэсліць, калі мы кажам пра адказнасць у рамках нацыянальнай юрысдыкцыі, бо гэта справа разглядаецца ў рамках крымінальнай справы ў Літве, то тут, па-першае, вітаем дзеянні літоўскага боку, падтрымліваем іх, падтрымліваем дзеянні крымінальнай паліцыі, Генеральнай пракуратуры, але адначасова звяртаем увагу, што гэтыя дзеянні будуць дапамагаць нашаму важнаму другому накірунку – намаганням Офіса пракурора міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе. Офіс пракурора міжнароднага крымінальнага суда займаецца вышэйшымі службовымі асобамі, у тым ліку Лукашэнкам. А вось калі мы кажам пра нацыянальную юрысдыкцыю, то пракуратура будзе займацца, як мы разумеем, больш тымі асобамі, якія не маюць вышэйшы статус. У іерархіі гэтай злачыннай групоўкі яны займаюць другасныя пазіцыі. Літоўская пракуратура будзе займацца менавіта імі. Спадзяёмся. Мы не ведаем, калі гэта наступіць, гэта залежыць ад пракурора, ад следства, але гэтыя людзі будуць аб’яўлены ў міжнародны вышук. Калісьці яны будуць затрыманыя і будуць пакараныя.
Цалкам размова:
Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя