Называючы апазіцыю бандытамі, Аляксандр Лукашэнка помсціць беларускай дэмакратычнай супольнасці. Так кажа палітык Павел Латушка. Ен перакананы, што іх дзеянні маюць эфект, бо на іх у Менску актыўна рэагуюць.

У нашым эфіры – намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінету і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка анансаваў новыя санкцыі Еўразвязу і падсумаваў дзейнасць у рамках Рады Еўропы. Там гучыць пытанне пра персанальную адказнасць уладаў у Менску, заўважае Павел Латушка:
-Важна падкрэсліць, што дзякуючы менавіта таму, што мы абралі КР, мы мелі магчымасць накіраваць афіцыйную дэлегацыю з прадстаўнікоў КР у Парламенцкую асамблею Рады Еўропы. Гэта дало нам права ўдзельнічаць у пасяджэннях адпаведных камітэтаў, у тым ліку юрыдычнага камітэту. Я, як чалец гэтага камітэту, ініцыяваў дзве папраўкі ў адпаведныя рэзалюцыі аб адказнасці за агрэсію, дзе дакладна прапісана, што менавіта так званае кіраўніцтва Беларусі на чале з Лукашэнкам прымала рашэнні аб прадастаўленні тэрыторыі Беларусі для ажыццяўлення акту агрэсіі.
Што тычыцца дзяцей, мы прадставілі ў Парламенцкую асамблею Рады Еўропы тыя дакументы, якія мы сабралі, і на падставе гэтых дакументаў у чэрвеньскую рэзалюцыю было ўпісана, што Лукашэнка персанальна даваў загады для таго, каб вывозіць украінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь і праз Беларусь у Расейскую Федэрацыю. Гэта ўсё персаналізацыя яго адказнасці. Сёння гэта палітыка-прававыя дакументы. Але як мы бачым на прыкладзе спецтрыбунала за агрэсію, ужо гэта ўпісваецца ў статут спецтрыбунала. Значыць выйсця ў яго няма. Ён будзе прыцягнуты да адказнасці. Пытанне часу. Што тычыцца ўкраінскіх дзяцей, справа разглядаецца. І справа аб злачынствах супраць беларусаў, супраць чалавечнасці па ініцыятыве ўрада Літвы, мы рыхтавалі таксама гэтую стратэгію, збіралі матэрыялы разам з праваабаронцамі, яна таксама знаходзіцца на разглядзе. У яго персанальна гэта выклікае страх, збянтэжанасць. Ён такім чынам лічыць магчымым контратакаваць.
РР: Еўрапейская палітыка – новыя санкцыі ці якая стратэгія?
Павел Латушка: Зараз рыхтуецца 18 санкцыйны пакет ЕЗ. Ён заблакаваны Славакіяй. У гэты санкцыйны пакет патрапіць некалькі банкаў. Няма інфармацыі пацверджанай, што ўвесь банкаўскі сектар Беларусі. Гэта будзе чарговы ўдар па частцы фінансавай сістэмы Лукашэнкі. Таксама абмяркоўвалася магчымасць унясення ў гэты пакет санкцый на перапрацоўку расейскай нафты. Што непасрэдна можа датычыцца і беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Мы перадалі вялікі пакет прапаноў увядзення персанальных санкцый, перадусім, на суддзяў, пракурораў, прапагандыстаў, мы падаем вельмі вялікія спісы. На жаль, нашыя еўрапейскія партнёры не заўсёды гатовыя прыняць усе. Лукашэнка павінен змяніць унутраную рэпрэсіўную і знешнюю агрэсіўную палітыку. Толькі тады санкцыі могуць быць прыпыненыя.
Раней кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Каллас анансавала, што ў 18-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі ЕЗ дадае 22 расейскія і замежныя кампаніі, у тым ліку з Кітая і Беларусі, якія аказваюць “прамую або ўскосную падтрымку расейскаму ваенна-прамысловаму комплексу”.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя