Госць Рацыі – палітык, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

РР: Літаральна сёння прагучалі чарговыя заявы пра польска-беларускую мяжу. Выказаўся міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі і сказаў, што яны гатовыя закрыць мяжу для грузавых перавозак. Ці ёсць нейкі каментар на гэтую тэму?
Павел Латушка: Я думаю, што вы памятаеце гісторыю яшчэ з 2021 года, калі мы, каманда НАУ, разам з актывістамі арганізавалі блакаду памежнага пераходу Баброўнікі-Бераставіца , Кузніца-Брузгі. Дарэчы, нас падтрымалі тады ў Літве, у Латвіі, ва Украіне. Нашай мэтай было націснуць на рэжым Лукашэнкі, спыніць гандаль дзеля таго, каб змусіць яго спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітзняволеных. На жаль, нас тады не пачулі, але летась, калі вагнераўцы з’явіліся на тэрыторыі Беларусі, зноў узнікла гэтае пытанне, і мы тады правялі, як Аб’яднаны пераходны кабінет, кансультацыі. Я асабіста праводзіў з міністрам унутраных спраў Польшчы, з намеснікам міністра ўнутраных спраў Латвіі, Эстоніі. І дамовіліся, што трэба даць вельмі моцны мэсадж Лукашэнку, каб ён не правакаваў далей сітуацыю. Паўплывала ці не, але “Вагнер” усё ж такі нейкім чынам рассысаўся па тэрыторыі Беларусі і выехаў па-за межы Беларусі. Алё сёння зноў узнікла гэтая сітуацыя з-за атак, якія штучна арганізоўвае Лукашэнка разам з Крамлём дзеля таго, каб дэстабілізаваць сітуацыю на мяжы, што ўжо прывяло да смяротных ахвяр сярод польскіх салдат, быў забіты і таксама паранена 25 польскіх салдатаў.
Мы казалі падчас апошняй камунікацыі, у мяне былі сустрэчы і ў Міністэрстве замежных спраў, і з намеснікам міністра ўнутраных спраў Польшчы, з міністрам па еўрапейскіх справах, пра тое, што вельмі важна выкарыстаць гэты інструмент моцнай сілы, калі закрываюцца гандлёвыя шляхі, але галоўнае, каб не закрываліся шляхі для людзей. Я магу раскрыць такую маленькую таямніцу, мне было сказана, што сапраўды гэта моцны аргумент, у мяне была сустрэча з міністрамі ўрада Польшчы, але гэта ўсё ж такі апошні інструмент, калі мы яго скарыстаем. І вось наступіла, на жаль, гісторыя, калі быў забіты польскі салдат, параненыя салдаты. Актывізавалася гэтая злачынная дзейнасць Лукашэнкі. І мы пачулі з вамі мэсадж міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага. Таксама прэзідэнт Польшчы наведаў Пекін, дзе паставіў гэтую праблему перад кітайскім бокам.
Мы камунікавалі шмат апошнім часам, шмат было інтэрв’ю ў вядучых польскіх СМІ, дзе дакладна акрэслівалі нашу пазіцыю як Аб’яднанага пераходнага кабінета. Мы за закрыццё гандлёвых шляхоў дзеля таго, каб моцна націснуць на рэжым Лукашэнкі, спыніць міграцыйную вайну, але таксама дамагацца вызвалення палітзняволеных, і гэта быў адзін з прыярытэтаў, спыненне рэпрэсій, і спыніць дапамогу Лукашэнкам у вайне супраць Украіны.
Нас пачулі, бо міністр замежных спраў Польшчы на мінулым тыдні выклаў нават твіт, дзе ён працытаваў маё інтэрв’ю аднаму польскаму выданню. І мы чуем сёння словы міністра замежных спраў, што ён кажа, што яны не будуць закрываць шляхі для камунікацыі паміж палякам і беларусамі. Гэта вельмі важна. Але Лукашэнка таксама чуе гэты сігнал з боку ўрада Польшчы, з боку прэзідэнта Польшчы, і гэта фактычна быў ультыматум. І мы бачым змяншэнне колькасці нелегальных мігрантаў, якія атакуюць зараз мяжу з тэрыторыі Беларусі і спрабуюць патрапіць на тэрыторыю Польшчы. У апошні дзень гэта было толькі 20 спробаў, там было і 30, і 50, але ўсё ж такі гэта не сотні
Мы заўсёды казалі, што Лукашэнка разумее толькі мову сілы
РР: Гэта значыць, што пагрозы працуюць, паколькі яны гучаць з двух бакоў тэарэтычна апошнім часам?
Павел Латушка: Калі мы на сёння з вамі аналізуем, то мы можам сказаць так, яны працуюць. Зразумела, мы не ведаем, што будзе заўтра. Лукашэнка- маніпулятар і ён той чалавек, які можа гуляць у розныя гульні. Глядзіце, ён учора заявіў, што ён не даў загад памежнай службе, каб яна стрымлівала паток нелегальных мігрантаў, якія атакуюць Польшчу. Але адначасова мы бачым з вамі рэальнасць, ён публічна кажа нібы грамадству “глядзіце, мяне зламаць немагчыма, я не буду выконваць ніякі ўльтыматум, што б вы мне там не казалі, няхай яны ідуць”. Але ў рэальнасці колькасць значна паменшылася. Так што адно ён можа казаць публічна, але другое – у рэальнасці.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






