BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Павел Латушка: Пытанне ў палітычнай волі заходніх палітыкаў

Ці змянілася стаўленне да беларускіх дэмакратычных сілаў на міжнародным узроўні і ці ёсць палітычная воля ў іх партнёраў, каб зрабіць смелыя крокі ў адносінах да лукашэнкаўскага рэжыму? Чаго чакаць ад 2025 года беларусам?

Пра гэта распавядае Госць Рацыі – Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка ў размове з нашай карэспандэнткай Таццянай Смоткінай.

РР: Вы казалі, што становіцца ўсё менш партнёраў. Яны гатовыя толькі фатаграфавацца, паціснуць адзін аднаму рукі, а канкрэтных дзеянняў па дапамозе беларусам становіцца ўсё менш. Чаму так адбываецца?

Павел Латушка: Зразумела, ідзе час, ад пратэстаў 2020 гада наступае стомленасць не толькі ў нас, але таксама ў заходніх партнёраў. Але я ўсё ж такі прапаную базавацца на фактах. І калі мы кажам пра факт фальсіфікацыі выбараў, масавых рэпрэсій, тысячы палітзняволеных, злачынствы, якія здзейсніў Лукашэнка супраць беларускага народа, супраць украінскіх дзяцей, злачынства з захопам грамадзянскага самалёта, злачынства іміграцыйнай вайны. Ну калі, прабачце, тут нейкая матывацыя патрэбная партнёрам, тады я здзіўлены адносна таго, на чым базуюцца ўвогуле міжнародныя інстытуты, якія маюць інструменты і механізмы для прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі.

А гэта, я лічу, вельмі важна для матывацыі беларускага грамадства. Калі мы бачым з вамі кожнага дня злачынствы і разумеем, што ёсць у нашых партнёраў інструменты, якія маглі хаця б аб’явіць яго ў вышук, выдаць ордар на арышт, ці нават паплечнікаў і хаўруснікаў яго. І гэта не дзеецца. Значыцца, што адбываецца – дэматывацыя беларускага грамадства. Грамадства ў гэтым кантэксце ўсё менш і менш верыць у дэмакратычныя перамены, а можа і ў эфектыўнасць дэмакратычных інстытутаў. Для нас гэта таксама выклік. Але гэта выклік і для нашых партнёраў. Я перакананы, што стратэгічна ў інтарэсах Еўрапейскага звязу каб Беларусь была дэмакратычнай, еўрапейскай, незалежнай краінай. Гэта дадатковы элемент рэгіянальнай бяспекі, бяспекі ў тым ліку і Еўрапейскага звязу.

РР: Чаму яны так робяць? Яны таксама расчараваліся, як некаторыя беларусы, у дэмакратычных сілах? Можа ёсць іншыя мэты? Можа яны супрацоўнічаюць у гандлі, у эканоміцы з Лукашэнкам?

Павел Латушка: Я не думаю, што пытанне ў расчараванні ў дэмакратычных сілах. Прычым тут увогуле дэмакратычныя сілы. Дэмакратычныя сілы робяць усё дзеля таго, каб адказнасць наступіла. Нават больш, чым могуць рабіць. І рэжым вядзе супраць нас барацьбу. Рэжым баіцца альтэрнатывы. Мы збудавалі інстытуты. Мы рыхтуем адпаведныя дакументы, матэрыялы справаздачаў, якія ўжо перадалі нашым партнёрам, каб яны выкарысталі гэтыя інструменты. Але яны гэта не робяць. Таму тут не пытанне расчаравання ў нас. Тут пытанне іх палітычнай волі. Мне падаецца, што ёсць крызіс сапраўды моцных палітыкаў у Еўрапейскай прасторы і на амерыканскім кантыненце, калі б яны сапраўды ставілі мэту і да гэтай мэты сістэмна ішлі. Гэта бюракратыя. Я былы чыноўнік і разумею, што калі няма загаду, калі няма палітычнага рашэння, то бюракраты нічога рабіць не будуць. Яны знізу не будуць бегаць і крычыць: давайце пацягнем Лукашэнку да адказнасці. Тут патрэбная палітычная воля.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя