BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Павел Латушка расказаў пра Спецтрыбунал па адказнасці за агрэсію супраць Украіны

Павел Латушка распавёў пра стварэнне Спецтрыбунала па адказнасці за агрэсію супраць Украіны

– Галоўныя факты з каментарыя намесніка кіраўніцы Кабінета:

9 траўня 2025 года ў Львове плануецца прыняцце палітычнага рашэння аб стварэнні Спецтрыбунала і ўзгадненне яго статута.

Папярэдне 14 мая 2025 года ў Люксембургу на пасяджэнні Камітэта міністраў замежных спраў Рады Еўропы плануецца фармальны старт прававой працэдуры стварэння трыбунала. Трыбунал будзе рэгуляваць пытанні крымінальнага пераследу вінаватых у злачынстве агрэсіі.

НАУ працавала над тым, каб у юрысдыкцыю трыбунала была ўключана адказнасць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за прадастаўленне тэрыторыі Беларусі для агрэсіі.

Паводле рэзалюцыі Генсамблеі ААН № 3314, прадастаўленне тэрыторыі для агрэсіі з’яўляецца актам агрэсіі. Ёсць падставы лічыць, што Беларусь здзейсніла гэты акт, а яе вышэйшае ваенна-палітычнае кіраўніцтва – злачынства агрэсіі.

Трыбунал будзе створаны праз міжнародны дагавор паміж Украінай і Радай Еўропы. Рада Еўропы будзе садзейнічаць працы трыбунала.

Падчас апошняга пасяджэння прававога камітэта ПАРЕ, Павел Латушка ініцыяваў унясенне ў рэзалюцыю ПАРЕ аб адказнасці за агрэсію супраць Украіны пункта пра адказнасць Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў за прадастаўленне тэрыторыі Беларусі. Гэтая папраўка была прынята падчас красавіцкай сесіі ПАРЕ.

Трыбунал будзе абапірацца на нацыянальнае заканадаўства Украіны і будзе вымушаны прызнаваць персанальны (абсалютны) імунітэт, які ў беларускім кантэксце маюць:
– узурпатар Лукашэнка,
– прэм’ер Галоўчанка (на момант агрэсіі),
– міністр замежных спраў Макей, які, у тым ліку ў сувязі са смерцю, не будзе прыцягнуты да адказнасці.

Для астатніх прадстаўнікоў ваенна-палітычнага кіраўніцтва дзейнічае функцыянальны імунітэт – толькі падчас выканання імі службовых абавязкаў. Напрыклад, калі міністр абароны Хрэнін спыняе паўнамоцтвы і не прызначаецца прэм’ерам ці міністрам замежных спраў, яго імунітэт перастае дзейнічаць.

Паводле ацэнкі НАУ, пад крымінальны пераслед у межах Спецтрыбунала могуць патрапіць:
– міністр абароны Хрэнін,
– былы старшыня Дзяржпагранкамітэта Лапо.

Таксама да вывучэння іх удзелу ў злачынстве могуць падпасці:
– усе члены Савета бяспекі,
– члены Генштаба Узброеных сіл,
– начальнік Беларускай чыгункі,
– кіраўнікі аблвыканкамаў, якія забяспечвалі інфраструктурную і іншую дапамогу для ажыццяўлення агрэсіі.

Павел Латушка заявіў, што стварэнне трыбунала – выразны сігнал атачэнню Лукашэнкі: выкананне злачынных загадаў, якія парушаюць Канстытуцыю і міжнароднае права, не застанецца без адказнасці.

Новая задача – збор, абагульненне і прадстаўленне доказаў злачынства агрэсіі.

У наступным відэа Павел Латушка падрабязна распавёў пра тых прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, якія могуць быць прыцягнутыя да адказнасці ў рамках дадзенага Спецтрыбунала:

@CabinetBelarus