Госць Рацыі – кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намеснік старшыні Пераходнага кабінета Павел Латушка.

РР: Сёння ваш дзень, напэўна, быў прысвечаны ўгодкам поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.
Павел Латушка: Так, мы хаця б сімвалічна выказалі сваю падтрымку праз ускладанне кветак да помніку песняра ўкраінскага народа Тарасу Шаўчэнку, які знаходзіцца ў Варшаве. Але і не толькі. Канешне, сёння возьмем удзел і ў акцыі, якая будзе праходзіць у Варшаве. Я перакананы, што прадстаўнікі беларускай дыяспары ў розных гарадах свету будуць прымаць удзел у падобных акцыях.
Канешне, гэты дзень застанецца ў маёй памяці ўжо назаўсёды. Думаю, гэта адзін з самых жахлівых дзён, калі распачалася самая жудасная вайна ў свеце ў 21-м стагоддзі, у цэнтры Еўропы, калі на краіну, якая з’яўляецца незалежнай, суверэннай, народ якой мае права абіраць свой шлях развіцця, напаў агрэсар. І жахлівасць гэтай сітуацыі ў тым, што агрэсія адбылася з тэрыторыі нашай дзяржавы, пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.
Я думаю, што з гэтага мы павінны рабіць высновы. Па-першае, прыклад Украіны паказвае, што ніколі нельга здавацца, ніколі нельга апускаць рукі, не паддавацца хлусні і прапагандзе.
Згадаем, як казаў дыктатар Лукашэнка, што Украіна павінна была прайграць напрацягу трох дзён, але, як мы бачым, ужо чатыры гады Украіна і ўкраінскі народ змагаецца. Змагаецца за сваю свабоду і незалежнасць. Украіна не прайграла. Яна не прайграе. Яна, я перакананы, пераможа. І ўжо перамагла. Бо яна даказала ўсяму свету, што гэта моцная краіна і што гэта моцны народ.
РР: У еўрапейскіх сродках масавай інфармацыі прысутнічае такая тэма, як урокі для Еўропы, урокі для Беларусі, якія мы можам з украінскай сітуацыі вынесці. Што гэта за ўрокі?
Павел Латушка: Калі народ мае суб’ектнасць, тады і дзяржава будзе больш устойлівай. Мы з вамі назіралі сітуацыю, на прыкладзе Беларусі, калі ў 2020 годзе беларускі народ перамог бы і дыктатар быў бы вымушаны сысці з той пасады, якую ён узарпаваў, то, магчыма, і не было б гэтай вайны, альбо гэтая вайна не мела б такога жудаснага маштабу, і столькі ахвяр не было б з украінкага боку.
З іншага боку, парадаксальна мы бачым, што суб’ектнасць беларускага народа таксама фактычна адсутнічае, бо Лукашэнка стварыў у Беларусі таталітарную сістэму кіравання. Але і сам Лукашэнка губляе сваю суб’ектнасць. Бо як можна вытлумачыць яго рашэнні, якія непасрэдна парушаюць Канстытуцыю Беларусі, калі ён прадаставіў тэрыторыю краіны для агрэсіі замежнай арміі ў адносінах да суседа. Калі яго рашэнне парушыла дамову аб добрасуседстве і сяброўстве з Украінай. Дамову аб дзяржаўнай мяжы між Беларуссю і Украінай. Калі яго рашэнне парушыла Сатут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Гэта ўсё паказвае, што ён не суб’екцен, ён выконвае загады іншай дзяржавы, з Расеі, з Крамля. І тут яго суб’ектнасць, калі мы глядзім па выніках 4-х год вайны, знаходзіцца на самым мінімальным узроўні за ўсё ягонае, больш чым трыццацігадовае, панаванне ў Беларусі.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






