BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Павел Латушка сустрэўся з першым намеснікам міністра замежных спраў Польшчы

Стратэгія Польшчы па Беларусі, рэформа тэлеканала «Белсат», візавыя пытанні, заявы рэжыму аб крызісе на польска-беларускай мяжы.

Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка сустрэўся з першым намеснікам міністра замежных спраў Польшчы Анджэем Шэйнам.

Першы намеснік міністра запэўніў, што Польшча не мае намеру змяншаць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, каб беларусы не гублялі надзею на дэмакратызацыю сваёй краіны і ідэю вяртання яе ў сям’ю еўрапейскіх народаў. Спадар Шэйна падкрэсліў, што тэма Беларусі не забываецца ў Польшчы, Беларусь застаецца стратэгічным пытаннем для польскіх улад, а МЗС і ўрад Польшчы падзяляюць рэжым Лукашэнкі і беларускае грамадства:

«Лукашэнка — лаяльны падданы Пуціна, а беларускі народ — не падданы Расеі. У гэтым розніца».

На сустрэчы Павел Латушка і Анджэй Шэйна:

 – пагадзіліся, што паўнавартасная стратэгія Польшчы па Беларусі павінна распрацоўвацца ў супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі;

 – закранулі пытанне змен у сістэме кіравання і вяшчання тэлеканала «Белсат». Інфармацыя, якую Павел Латушка прадставіў намесніку міністра, будзе перададзена прэс-сакратару МЗС, які курыруе гэтую справу. Таксама быў прапанаваны план удзелу ў далейшых кроках па рэформе тэлеканала;

– абмеркавалі прапановы Паўла Латушкі аб стварэнні групы краін – стратэгічных партнёраў Беларусі з лідзіруючай роллю Польшчы, а таксама аб правядзенні консульскіх кансультацый з удзелам прадстаўнікоў беларускіх грамадскіх арганізацый;

– гаварылі пра планаваныя змены ў заканадаўстве Польшчы, якія рэгулююць візавыя пытанні;

– вялі размову аб правядзенні прававых кансультацый наконт адказнасці рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі, саўдзел у агрэсіі супраць Украіны і дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей. Латушка звярнуўся з прапановай аб узгадненні сустрэчы з кіраўніцтвам дагаворна-прававога дэпартамента і дэпартамента, які адказвае за супрацоўніцтва з АБСЕ ў МЗС Польшчы.

Намеснік кіраўніцы Кабінета ініцыяваў абмеркаванне выказванняў міністра замежных спраў Лукашэнкі Рыжанкова наконт праблем на беларуска-польскай мяжы. Павел Латушка паведаміў, што праблема заключаецца не толькі ў самім Лукашэнку, але і ў яго асяроддзі і сістэме, якую ён пабудаваў. Інсінуацыі рэжыму аб вырашэнні памежных пытанняў можна разглядаць выключна як папулізм і інфармацыйна-прапагандысцкую аперацыю, пакуль Лукашэнка не выканае канкрэтныя дзеянні, а менавіта:

:black_small_square:вызваленне ўсіх палітзняволеных;
:black_small_square:спыненне рэпрэсій у Беларусі;
:black_small_square:спыненне дапамогі Расіі ў вайне супраць Украіны;
:black_small_square:спыненне штучнага міграцыйнага крызісу на мяжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй.

Спадар Шэйна выказаў падтрымку беларускаму народу ў барацьбе за свабоду: «Мы павінны дапамагаць Беларусі, каб беларускае грамадства не было русіфікавана. Сярод галоўных і нязменных прыярытэтаў знешняй палітыкі Польшчы з’яўляецца моцны ЕЗ і НАТА, суверэнная Украіна і свабодная дэмакратычная Беларусь».

@CabinetBelarus