BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Павел Латушка: У адносінах да Беларусі няма зразумелай заходняй стратэгіі

У польскім Карпачы праходзіць Эканамічны форум. У ім бяруць удзел намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і кіраўнік НАУ Павел Латушка і прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Кабінета Уладзімір Астапенка. На форуме прайшла дыскусія “Захад супраць Расеі. Ці пачне Крэмль новы напад”. Падрабязнасці ад Паўла Латушкі.

РР:  Якія асноўныя канцэпцыі прагучалі на гэтым форуме? Вельмі важна, што беларускія палітыкі на ім выступаюць.

Павел Латушка: Розныя канцэпцыі гучалі, можа нават супрацьлеглыя. Адна з брытанскіх журналістак выказала меркаванне, што Пуцін не мае намеру атакаваць краіны НАТА. Польскі бок, зразумела, што адчувае вялікую пагрозу, таксама іншыя прадстаўнікі, якія прысутнічаюць, не пагадзіліся з гэтым меркаваннем. Не ў сэнсе таго, што гэтая агрэсія можа адбыцца заўтра, можа нават не паслязаўтра, размова ішла пра магчымыя сцэнары развіцця падзеі. І я тут схільны думаць пра тое, што калі мы верым і дай Божа Украіна пераможа, то будзе велічэзнае расчараванне ў палітычных элітах Расеі. Трэба разумець ментальнасць народа, які ў канцы канцоў можа распачаць чарговую вайну дзеля таго, каб дасягнуць той мэты, якую ён не дасягнуў. З іншага боку, трэба разумець, што калі будзе перамога Расеі, у што не хочацца верыць, і я перакананы ў тым, што Украіна пераможа, але калі разгледзець тэарэтычна гэты варыянт, гэта адчыніць Расеі магчымасці для далейшых крокаў, яшчэ большай агрэсіі супраць іншых краінаў-суседзяў. Таму гэта можа не пытанне заўтрашняга дня, але тут пытанне ставілася ў кантэксце, ці трэба рыхтавацца Захаду да такіх  сцэнароў. І агульнае меркаванне і падыход, што так, да гэтага трэба рыхтавацца.

Адзінае, што мяне не задаволіла, і я сказаў гэта шчыра, што ў гэтым кантэксце няма дыскусіі адносна Беларусі. Нібы Беларусі ўжо няма, нібы Беларусь ужо з’яўляецца часткай Расеі. І што няма мяжы Беларусі з еўрапейскімі краінамі – Польшчай, Літвой, Латвіяй. І мне давялося даволі прынцыпова выступіць, што на сённяшні дзень гэта гістарычная памылка. Бо трэба разглядаць беларускае грамадства ў адрозненні ад расейскага грамадства. Расейскае грамадства ў большасці падтрымлівае Пуціна і ў большасці падтрымлівае вайну. Беларускае грамадства – і гэта паказваюць усе сацыёлагі, усе сацыялагічныя крыніцы, – што большасць беларусаў супраць вайны і большасць беларусаў супраць Лукашэнкі. Таму гэта з’яўляецца падставай для таго, каб менавіта працаваць з беларускім грамадствам.

Калі мы будзем разглядаць падыход, што спачатку перамога Украіны, пазней – палітычны крызіс у Расеі, нейкія палітычныя змены ў Расеі, а пазней ужо Беларусь, то гэта памылковая стратэгія. Бо калі так ісці, то закладнікамі будуць ужо дзве краіны адначасова – і Украіна, і Беларусь. Я лічу, што сёння трэба займацца пытаннем Беларусі. І сёння трэба матываваць беларускае грамадства, якое павінна вярнуць сваю суб’ектнасць дзеля таго, каб яно само вырашала будучы лёс. Бо інакш за гэтыя гады можа быць страчана Беларусь, як незалежная дзяржава. Я можа малюю даволі крытычныя сцэнары, але думаю, мы пагодзімся з вамі, што сёння няма стратэгіі па Беларусі. Ёсць стратэгія Расеі, адзіны край, які мае стратэгію – гэта Расейская Федэрацыя, а ў адносінах да Беларусі зразумелай заходняй стратэгіі няма.

Эканамічны форум у Карпачы ладзіцца штогод з 1992 года і лічыцца адным з найбуйнейшых палітыка-эканамічных мерапрыемстваў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. У ім удзельнічае больш за 6000 тысяч гасцей.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя