У нашым эфіры пабываў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінету і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

РР: Бельгія далучаецца да групы сяброў Дэмакратычнай Беларусі ў АБСЕ. Шмат рабочых сустрэчаў. Ці можам рабіць нейкія высновы?
-Па-першае, галоўная мэта – гэта прадставіць механізмы, якія могуць быць скарыстаныя нашымі партнёрамі ў Еўрапейскім Звязе для прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі. Мы мелі магчымасць выступіць на рабочай групе – гэта падрыхтоўчы орган Савета Еўрапейскага Звязу – вышэйшага кіраўнічага органу ЕЗ. На пасяджэнні гэтай рабочай групы мы прадставілі 27 краінам-сябрам ЕЗ канкрэтныя механізмы, прапановы як прыцягнуць да адказнасці Лукашэнку. Гэта 5 механізмаў.
– Першы – гэта міжнародны крымінальны суд. Магчымы разгляд сітуацыі Беларусі па факце масавай дэпартацыі грамадзянаў Беларусі за межы краіны, гэта больш за 300 000 беларусаў, якія па прычынах невыносных умоў знаходжання ў краіне пакінулі Беларусь. Другі механізм – таксама міжнародныя крымінальныя суды за ваенныя злачынствы, якія здзяйсняе Лукашэнка ў кантэксце незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей на тэррыторыю Беларусі, індакрынацыі. Тут нам патрэбна адвакатаванне з боку краінаў Еўрапейскага Звязу і падтрымка з боку Украіны.
Мы казалі пра універсальную юрысдыкцыю – гэта калі беларусы могуць падаваць у канкрэтныя пракуратуры ў краінах, дзе знаходзяцца, справы дзеля таго, каб разгледзець адказнасць вінаватых у гвалце на тэррыторыі Беларусі. Гэта такія краіны як Польшча, Літва, Нямеччына, Швайцарыя, Чэхія, дзе ўжо знаходзяцца дзясяткі справаў. Мы казалі таксама пра скарыстанне з механізму спецыяльнага міжнароднага трыбуналу па факце агрэсіі, якую здзейсніла Расея ў адносінах да Украіны. Мы ведаем, што Лукашэнка таксама з’яўляецца агрэсарам у гэтым кантэксце і нясе персанальную адказнасць за гэтыя дзеянні. На жаль, у апошняй дэкларацыі краін яе ў Гаазе ў мінулым тыдні, 44 краіны, не ўзгадваецца Лукашэнка. Але па меркаваннях юрыстаў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення гэта не азначае, што Лукашэнку ўдасца выйсці з-пад адказнасці. Ён будзе прыцягнуты да адказнасці, будзе створаны для гэтага трыбунал. Так што гэта наша задача.
– І пяты механізм – гэта ўвогуле стварэнне спецыяльнага міжнароднага трыбуналу па Беларусі, бо шмат злачынстваў здзейснена і, на жаль, яны працягваюцца. Так што ёсць 5 інструментаў. Найбольш рэалістычнымі мы называем сітуацыю ў Беларусі на разглядзе ў міжнародным крымінальным судзе па факце дэпартацыі, і ваенныя злачынствы, звязаныя з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей. Гэта найбольш рэальныя накірункі нашай дзейнасці.
– Усё гэта мы прадставілі нашым партнёрам. Адбылася дыскусія. Удзельнічалі шмат краінаў, магу пералічыць – гэта і Аўстрыя, і Бельгія, і Літва, і Латвія, і Эстонія, і Фінляндыя, і Польшча, і Грэцыя, Балгарыя і Чэхія. Гэта шмат краінаў, шмат пытанняў, якія тычыліся не толькі адказнасці. Бо мы абмяркоўвалі і санкцыйную тэматыку і палітычную сітуацыю, і сітуацыю дэмакратычных сілаў Беларусі.
Цалкам размову слухайце:
Беларускае Радыё Рацыя






