BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Павел Латушка: У ПАРЕ будзем трымаць беларускае пытанне ў фокусе

Сесія скончылася, праца працягваецца. Прысутнасць беларускай дэлегацыі ў ПАРЕ дае магчымасць уплываць на яе рашэнні і ставіць там беларускія пытанні. Зараз між сесіямі ПАРЕ вядзецца праца над дакладам, які ў выніку – прывядзе да рэзалюцыі. Тэма – транснацыянальныя злачынствы ў Беларусі, дзе кіруе Аляксандр Лукашэнка.

Павел Латушка
Павел Латушка

Паведамляе намеснік старшыні Аб’яднанага Пераходнага Кабінету, кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення, сябра беларускай дэлегацыі ў ПАРЕ – Павел Латушка:

– Пачалася падрыхтоўка даклада, пазней, спадзяюся, і рэзалюцыі па транснацыянальных злачынствах. Тое, што мы бачым з 2020 года, калі Лукашэнка свае практыкі давёў да такога маштабу, які ўжо вызначаецца як злачынства супраць чалавечнасці, што стала падставай для ўнясення гэтай справы Літвой у міжнародны крымінальны суд. І што пасля сфальсіфікаваных выбараў ён разгарнуў маштабную кампанію ўнутраных рэпрэсій.

У Беларусі чысткі ў грамадстве, удакладняе Павел Латушка. Праваабаронцы засведчылі, што з 2020 года каля дзевяці з паловай тысячаў чалавек падвергліся ў Беларусі палітычна матываванаму крымінальнаму пераследу. Многія спазналі пераслед і былі вымушаныя пакінуць краіну, з праблемамі сутыкаюцца за мяжой, – нагадвае беларускі палітык.

– Калі людзі з атмасферы страху, тэрору, пераследу, пагрозаў адабрання дзяцей, абмежавання правоў на працу ў Беларусі – вымушаны пакідаць Беларусь, то ў гэтым іх фактычна цярпенне не заканчваецца, бо ўжо за мяжай яго спецслужбы працягваюць рэпрэсаваць беларусаў. Гэта судовыя завочныя прысуды, спробы вярбоўкі, гэта пазбаўленне права атрымаць пашпарты.

Асобна Павел Латушка нагадвае, што дэмакратычныя сілы працягваюць збіраць доказы для Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны. Палітык кажа, што гэта тэма – яго сфера адказнасці ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце, і як дэлегат у ПАРЕ ён будзе пастаянна ставіць гэтае пытанне перад калегамі з парламентаў краін, якія ўваходзяць у Раду Еўропы.

Беларускае Радыё Рацыя