Літва накіравала заяву ў ААН пра парушэнне Беларуссю сваіх абавязацельстваў. Пра гэта з Госцем Рацыі – намеснікам Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкам – размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: Пачну з вашай цытаты: 19 траўня 2025 года – чарговы дзень, які ўвойдзе ў сучасную гісторыю Беларусі. Давайце працягнем гэтую думку і распавядзём, чым важная гэта навіна, падзея палітычна.
Павел Латушка: Так, сапраўды гэта важны дзень з пункту гледжання адказнасці за тыя злачынствы, якія ўчыняе Лукашэнка. І гэта ўжо не проста заклікі і дэкларацыі, гэта канкрэтны прававы крок, калі ўрад Літвы падаў адпаведную заяву ў Міжнародны суд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у сувязі з парушэннем рэжымам Лукашэнкі, Беларуссю, абавязацельстваў у рамках шматбаковых, міжнародных дамоваў. Размова ідзе пра тое, мы ўсе памятаем гісторыю, якая пачалася з 2021 года, калі Лукашэнка штучна пачаў звозіць у Менск, а пазней суправаджаць на межы Еўрапейскага звязу, у дадзеным кантэксце, гэта на мяжу з Літвой, нелегальных мігрантаў, якія да сёння атакуюць межы Еўрапейскага звязу, і ў тым ліку Літвы.
Літва звярнулася ў адпаведнасці з канвенцыяй, якая абавязвае, у тым ліку і Беларусь, выконваць адпаведныя нормы міжнароднага права. Звярнулася ў суд з тым, што рэжым Лукашэнкі адмаўляецца выконваць пратакол супраць незаконнага ўвозу мігрантаў па моры і па паветры. Гэты пратакол быў падпісаны ў 2000 годзе і фактычна з’яўляецца пратаколам да адпаведнай канвенцыі супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці. Фактычна Лукашэнка ажыццяўляе транснацыянальную арганізаваную злачыннасць. Кіруючы, збіраючы, пасля накіроўваючы і дапамагаючы атакаваць межы Літвы мігрантамі. Літва скарысталася гэтым правам. Спачатку яны правялі, я ведаю, мы размаўлялі з Міністэрствам юстыцыі, зразумела, гэта ўсё трымалася канфендыцыйна, было некалькі раўндаў перамоў, іх адбылося мінімум чатыры. Падчас якіх Літва спрабавала пераканаць лукашэнкаўскі рэжым спыніць гэтыя незаконныя дзеянні не парушаць абавязацельствы Беларусі перад ААН перад адпаведнай канвенцыяй. Рэжым адмовіўся, перамовы скончыліся фіяска. І таму ў Літвы з’явілася права звярнуцца ў Міжнародны суд ААН. І яна скарысталася гэтым правам, падаўшы адпаведны запыт.
Чаго важна чакаць? Першае, важна чакаць прызнання факту таго, што рэжым Лукашэнкі, у дадзеным кантэксце Беларусь, бо гэта зварот супраць краіны, якую кантралюе рэжым, і якая парушыла свае міжнародныя абавязацельствы ў рамках канвенцыі па барацьбе з транснацыянальнай арганізаванай злачыннасцю. Другое, гэта спыніць гэтыя незаконныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі. Трэцяе, гэта адказнасць. Таму, канешне, сам факт будзе вельмі моцна біць па іміджу рэжыму Лукашэнкі. І яшчэ раз увесь свет даведаўся, што гэта злачынны рэжым, якому напляваць на нормы ААН.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя