BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Павел Латушка: Улады Польшчы разумеюць патрэбы беларусаў

Адбыліся вельмі важныя сустрэчы ў Варшаве ў Беластоку — сёння Павел Латушка сустракаўся з маршалкам і там прагучалі важныя рэчы для беларусаў, што тут жывуць, для беларускай дыяспары ў Польшчы.

Сённяшні адмысловы госць — намеснік старшыні аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Павел Латушка.

РР: Хацеў бы пачаць з палітычнай атмасферы апошняга тыдня. Вельмі караценька, гэтая сустрэча ў Варшаве, якія палітычныя перспектывы?

Павел Латушка: Мы атрымалі даволі ясны сігнал, што польскія ўлады зацікаўленыя падтрымліваць супрацу з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, падтрымліваць беларускае грамадства ў гэты цяжкі перыяд выпрабаванняў. Помнім, як Лукашэнка сказаў Галоўчанку, свайму прэм’еру, „трэба наладжваць адносіны з суседзямі, бо мы ўсё ж суседзі, яны ад Бога“ і г.д. І вось што ў рэальнасці адбылося: Ціханоўская, Аб’яднаны пераходны кабінет — 12 афіцыйных сустрэчаў. Пачынаючы ад прэзідэнта, новы маршал сенату, маршал сейму, міністр адукацыі, міністр спорту, міністр замежных справаў, унутраных справаў і г.д. Гэта ясны адказ, што Польшча, новыя ўлады Польшчы, хочуць развіваць адносіны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, але галоўнае не сустрэчы, а вынікі. Створаныя тры рабочыя групы: група па пытаннях адукацыі, што хвалюе шмат каго з Беларусі, што вымушана з’ехалі сюды ў Польшчу; група, якая працягнецца з унутраных справаў, і гэта хвалюе беларусаў, бо гэта легалізацыя беларусаў. Дарэчы, добрыя навіны былі падчас гэтай сустрэчы: група па спорце. Гэта пытанне нашых спартоўцаў магчымага ўдзелу ў алімпійскіх гульнях. І дзве групы, што будуць створаныя, можна сказаць, што ўжо створаныя: у сенаце — па супрацы з дэмакратычнаю Беларуссю; і ў сейме — новыя парламенты па супрацы з дэмакратычнаю Беларуссю. Гэта ўжо інстытуцыялізацыя адносінаў, а гэта значыцца, канкрэтныя справы можна выносіць і дамагацца іх вырашэння. Ну і зараз рэгіён Падляшша, зразумела, мяжа з Беларуссю, найбольшая колькасць беларусаў тут пражывае.

РР: Вы сказалі, што з Беларускага боку гучалі такія рэчы, маўляў, суседзі, іх не выбіраюць, трэба наладжваць стасункі. А ці былі з польскага боку такія інтэнцыі, што з Лукашэнкам трэба нейкія стасункі? Было, што Сікорскі вельмі даўно ездзіў да Лукашэнкі, таксама прадстаўнікі Права і Справядлівасці таксама ездзілі да Лукашэнкі, гаварылі пра тое, што ён цёплы чалавек. А як зараз вось гэта вы адчуваеце, ці няма нейкіх думак патаемных „а можа мы знойдзем нейкую лазейку знойдзем і будзем размаўляць з Лукашэнкам“?

Павел Латушка: Вы ведаеце, апошнім часам гэтае пытанне ставяць, і я адкажу вельмі шчыра: хтосьці думае паўтарыць гісторыю з Лукашэнкам як паўтараў яе на працягу апошніх трыццаці гадоў — калі ласка. Але зразумела: можна пайсці на перамовы з Лукашэнкам — ідзем; можна пачаць з ім камунікацыю — пачынаем; можна дамовіцца з ім — дамовімся. І што пазней? Чакаць удар у спіну. Лукашэнка гэта той чалавек, які здрадзіць, які ніколі не стрымае сваіх абяцанняў.

РР: А ці ёсць у Польскіх уладаў разуменне таго, што Лукашэнка ненадзейны партнёр?

Павел Латушка: Так, я пачуў гэта з вуснаў новага кіраўніцтва Польшчы. Скажу так: хтосьці кажа „ну окей, але Лукашэнка ёсць гарантам незалежнасці гарантам незалежнасці“. Гэта хлусня. Лукашэнка ніколі не быў, ні ёсць, і не будзе гарантам суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Гэта той чалавек, які здрадзіў беларускай дзяржаве, узурпаваў уладу. І праз гэтую ўзурпацыю ён прадае сёння нашую Бацькаўшчыну Беларусь на вачах беларусаў, на вачах усяго свету. Кажуць, зменіцца ён, прыйдзе на яго месца, прыкладам, уявім, Качанава. Окей, Качанава дасць загад беларускім войскам пайсці ва Украіну, хто выканае загад Качанавай? Сёння гэта страх у Лукашэнкі, нават ён не адважваецца на такія загады. Я не ўяўляю, што хтось выканае такі загад Качанавай. Або стаўленнік Крамля дасць загад беларускай арміі. Гэта ўсё трыгеры, якія будуць правакаваць нестабільнасць унутры Беларусі. І яшчэ: важна зразумець, сёння можна дамовіцца з Лукашэнкам. Прыкладам, хтось захоча так зрабіць. У выніку ён здрадзіць беларускаму грамадству, бо тут трэба выбіраць: або Лукашэнка або беларускае грамадства, якое выступае за дэмакратычныя змены. Сёння беларускае грамадства, калі выступала за дэмакратычныя змены, іх кінулі ў вязніцы, іх катуюць, беларусаў катуюць, яны рэпрэсаваныя, яны вымушаныя з’язджаць з краіны. Можна здрадзіць беларусам, і прыйдзе час праз некалькі гадоў, ці павераць беларусы ў дэмакратыю і еўрапейскія каштоўнасці? Не, не павераць, бо іх здрадзяць. Таму палітыкі еўрапейскія павінныя гэта зразумець. Сёння размова з Лукашэнкам — гэта здрадзіць беларусам.

РР: Здаецца, беларускае грамадства вельмі рамантычна глядзіць. Усё ж такі, вядома, што вялікая колькасць людзей не падтрымліваюць Лукашэнку, але пэўна ёсць тыя, хто падтрымлівае шчыра. Але далёка адыходзім, ажно пра Качанаву гаворым. Вяртаймася ў Беласток — сустракаліся з маршалкам. Тут мае паўстаць Цэнтр беларускай культуры, ён ужо зараз ёсць, будзе развівацца. Раскажыце, калі ласка, якія дэкларацыі прагучалі ад мясцовых уладаў — гэта падтрымка, стыпендыі для прадстаўнікоў беларускай культуры? Я разумею, гэта і да сустрэчы ў Варшаве можна аднесці.

Павел Латушка: Нейкае дэжа-вю, бо ў 2008 годзе, калі я быў амбасадарам Беларусі ў Польшчы, я адкрываў Культурны цэнтр Беларусі ў Беластоку як частку амбасады Беларусі.

РР: Зараз яго няма.

Павел Латушка: Яго няма. Пазней, калі я з’ехаў, на жаль, мой паслядоўнік, перанёс Культурны цэнтр у Варшаву, і фактычна ён перастаў існаваць у Варшаве. Але я сёння сказаў маршалку: важна, што тут рашэнні прымаюць мясцовыя ўлады Польшчы, значыцца, яны разумеюць патрэбу існавання падобнага інстытута як культурны цэнтр Беларусі ў інтарэсах грамадства, якое пражывае тут. Гэта значыцца, беларускай этнічнай меншасці, якая тут жыла і будзе жыць стагоддзямі, і беларускай дыяспары, якая сёння апынулася тут. І гэта вельмі важная палітычна-грамадскае рашэнне. Культурны цэнтр ужо зарэгістраваны, учора адкрытыя рахункі культурнага цэнтру. Маршалак паабяцаў 1,5 мільёны злотых на дзейнасць гэтага Культурнага цэнтру, значыць ужо ёсць і бюджэт. І важна, каб гэты інстытут аб’яднаў беларускую этнічную меншасць і беларускую дыяспару, бо мы разам у аднэй сям’і, нас завуць беларусы, і нас шмат што злучае. Пытанні звязаныя з бізнесам мы падымалі, бо ў Польшчы летась дзейнічала паводле статыстыкі 6,988 прадпрыемстваў з беларускім капіталам, а з іх 731 прадпрыемства дзейнічае на тэрыторыі Падляшскага ваяводства. Гэта другое ваяводства па колькасці створанага бізнесу беларусамі ў Польшчы. І мы казалі пра неабходнасць памагчы ў трансферы капіталу, у легалізацыі дзейнасці, у банкаўскай падтрымцы і г.д. І маршалак на гэта адрэагаваў вельмі пазітыўна, і спадзяюся, што адбудзецца адмысловае мерапрыемства, прысвечанае беларускаму бізнесу ў Падляшскім ваяводстве. І будуць уключацца ў адпаведныя гаспадарчыя імпрэзы ў Ваяводстве беларускі блок. Нам важна падтрымаць у гэтым кантэксце бізнес, каб ён змог тут існаваць. На жаль, Лукашэнка працягвае рэпрэсаваць, таму і бізнес хутчэй за ўсё будзе таксама пакідаць Беларусь.

Дзякую беларусам Беласточчыны за тое, што яны ёсць“ — такімі словамі завяршыў сваю прамову Павел Латушка.

Беларускае Радыё Рацыя