Выглядае, што буйное перафарматаванне чакае Каардынацыйную раду трэцяга складу. Нагадаем, яна сфарміравалася ў выніку выбараў, якія прайшлі ў канцы траўня. Абмяркоўваем канцэпцыі з абранымі чальцамі рады. Сёння – гэта Арцём Брухан, які прайшоў па спісах «Каманда Латушкі і Рух «За свабоду» ды Павел Патапаў са спісу «Блок Пракоп’ева-Ягорава». На размову запрашае Улад Грынеўскі.
РР: Сфарміравалася Каардынацыйная рады трэцяга склікання. Ці можам ужо забыцца пра Каардынацыйную раду другога склікання, якую вельмі часта крытыкавалі? Інакш кажучы, пачаць пісаць новую гісторыю Каардынацыйнай рады.
Павел Патапаў
Павел Патапаў: Я лічу, што гэта будзе трохі іншая структура, таму што прыйшлі новыя людзі. Працэс фарміравання рады трэцяга склікання быў іншы – праз выбары. Каардынацыйная рада першага склікання ўвогуле прызначалася Вольгай Кавальковай і Максімам Знакам праз Святлану Ціханоўскую. Каардынацыйная рада другога склікання фарміравалася праз дэлегаванне ад арганізацый грамадзянскай супольнасці. Таму будуць змены. Але з другога боку Статут застаецца ад Каардынацыйнай рады другога склікання. У далейшым усё будзе залежыць як новыя чальцы буць трымацца пераемнасці, ці будуць уносіць нейкія новыя навацыі.
Арцём Брухан
РР: Арцём, а як вы бачыце гэтую сітуацыю? Ці патрэбныя гэтыя навацыі? Вы слушна звярнулі ўвагу, што застаюцца ўсе распрацаваныя дакументы Каардынацыйнай рады другога склікання і яны застаюцца на том жа самым узроўні. І вось атрымліваецца, што уваходзяць у КР новыя людзі, ці патрэбна ім нешта мяняць?
Арцём Брухан: Давайце пачнём з таго, што КР трэцяга склікання – гэта ўжо абраны орган, у адрозненні ад першага і другога складу. Гэта ўжо іншыя людзі, якія маюць мандат ад сваіх выбаршчыкаў, якія галасавалі за іх. Гэтыя людзі безумоўна могуць уносіць як змены ў рэгламент, ці, напрыклад, прыняць іншы рэгламент. Мне падаецца, што цалкам рэальны варыянт, што дзве траціны чальцоў будуць за тое, каб прыняць новы рэгламент. Гэта цалкам рэалістычна. Але нейкая пераемнасць тэарэтычна можа і застацца. Пытанне пра змены – гэта будзе рашэнне трэцяга складу КР.
Цалкам размова:
15 чэрвеня 80 прадстаўнікоў КР збіраюцца на першае паседжанне. Там маюць абраць лідара і кіраўнічыя органы.
Беларускае Радыё Рацыя