У Цэнтры даследаванняў бяспекі ETH Zurich выйшаў новы выпуск Belarus Analytical Digest, прысвечаны знешняй палітыцы Беларусі, у тым ліку адносінам з Польшчай і Кітаем. Аўтары аналізуюць палітыку Менска на фоне вайны ва Украіне, санкцый і ўзмацнення залежнасці ад Расеі.

Адзін з аўтараў выпуску, даследчык Праграмы расейскіх і беларусістычных даследаванняў Рады па знешняй палітыцы «Украінская прызма» Павел Радзь, адзначае, што ў пэўных аспектах інтарэсы Польшчы і Кітая ў дачыненні да Беларусі могуць супадаць:
– Польшча зацікаўлена ў тым, каб Беларусь была прадказальнай і бяспечнай краінай для бяспекі на граніцы, без міграцыйнага ціску, без праблемы, якая павязаная з кантрабандай, без праблемы, павязанай з прысутнасцю расейскіх войскаў. Кітай таксама зацікаўлены ў канструктыўных паводзінах Беларусі, бо ёсць пытанне транзіту кітайскіх тавараў праз Беларусь, таму трэба каб Беларусь паводзіла сябе адэкватна і канструктыўна з суседзямі, перадусім з Польшчай.
Павел Радзь падкрэслівае, што, нягледзячы на істотныя разыходжанні паміж Польшчай і Кітаем у глабальнай палітыцы, у беларускім пытанні існуе патэнцыял для ўскоснага або нават абмежаванага каардынаванага ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнкі ва ўмовах яго міжнароднай ізаляцыі і абмежаванага поля для манеўру. На думку аналітыкаў, гаворка не ідзе пра фармальны саюз Варшавы і Пекіна, але пра сітуацыйнае супадзенне інтарэсаў.
Спасылка на артыкул.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з архіва Паўла Радзя.






