Анансаваны візіт лідаркі беларускіх дэмакратычных сілаў Святланы Ціханоўскай у Кіеў (канец лютага-пачатак сакавіка) можа стаць важным палітычным сігналам як для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, так і для міжнародных партнёраў Украіны.

Пра гэта заявіў аналітык Рады па знешняй палітыцы «Украінская прызма» Павел Радзь, каментуючы магчымыя наступствы візіту:
– Адбываецца падрыхтоўка, і сама Святлана Ціханоўская візіт ужо анансавала. Будзе сустрэча з украінскімі палітыкамі, магчыма з прэзідэнтам. Гэта будзе яшчэ адным непрыемным сігналам для рэжыму ў Менску. Украіна не збіраецца проста адседжвацца і чакаць, а гатова схіляць беларускі рэжым да змены паводзінаў у больш канструктыўнае і правільнае для Украіны русла.
Адначасова гэта не азначае імгненнага пераходу да жорсткай канфрантацыі з Менскам.
Кажа Павел Радзь:
– Наколькі Украіна будзе гатовая развіваць надалей супрацу з дэмакратычнай апазіцыяй і выкарыстоўваць дэмакратычныя сілы ў ролі раздражняльніка для рэжыму Лукашэнкі, – гэта магчыма. І хутчэй за ўсё Украіна будзе менавіта так дзейнічаць. Але кантакты з рэжымам Лукашэнкі будуць захоўвацца з гуманітарных пытанняў і пытанняў бяспекі.
Эксперт падкрэслівае, што важным кантэкстам візіту Ціханоўскай ва Украіну з’яўляецца і заява міністра замежных спраў Украіны Андрыя Сыбігі пра падрыхтоўку асобнай стратэгіі Украіны ў дачыненні да Беларусі. Паводле Радзя, гэта сведчыць пра тое, што Кіеў імкнецца перайсці ад тактычнай рэакцыі да доўгатэрміновага бачання.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






