Госці Рацыі – камандзір Палка імя Кастуся Каліноўскага Павел Шурмей «Дзядзька» і кіраўнік прэс-цэнтру гэтага палка Эрнэст.

РР: Вы, я так разумею, у міжнароднай паездцы. Учора Беларускае Радыё Рацыя давала справаздачу з вашай сустрэчы ў хабе «Новая Зямля» ў Беластоку з беларусамі, якія тут пражываюць. І калі не сакрэт, дзе вы ўжо былі, куды яшчэ збіраецеся, якая мэта вашай паездкі?
Эрнэст: Нашая паездка пачалася некалькі дзён таму, пачалася ў Вільні. Беласток – наша другая кропка. Наперадзе нас чакае яшчэ некалькі гарадоў Польшчы, і я думаю, мы гэта правядзем максімальна эфектыўна, таму што галоўная наша задача гэта – падзяліцца інфармацыяй пра дзейнасць Палка, пра тое, чым мы займаемся, якія нашы перспектывы, ну і, канешне, мы зацікаўлены новымі рэкрутамі і дапамогай Палку, якая на сёння вельмі неабходная, як любому падраздзяленню, якое сёння ваюе за Украіну, за вызваленне Украіны.
РР: Так што палічыце нашую студыю, як чарговую кропку, дзе можаце інфармаваць пра справы Палка Каліноўскага. І я б хацеў, каб вы сказалі асноўнае: што сабой сёння ўяўляе Полк Каліноўскага?
Павел Шурмей: Полк Каліноўскага – гэта збройнае фарміраванне ў складзе збройных сіл Украіны. Полк складаецца з некалькіх падраздзелаў. Гэта: пяхота, гарматны падраздзел, падраздзел ПБЛА, механізаваны падраздзел, таксама баявыя медыкі і лагістыка. За свой баявы шлях Полк прайшоў за гэтыя амаль чатыры гады ўсе самыя гарачыя напрамкі ў гэтай фазе вайны, пачынаючы з Бучы і Ірпеня, Мікалаеў, плацдармы на Херсоншчыне, Севераданецк, Запарожжа, Гуляйполе, Бахмут, амаль што год у Бахмуце, потым усходні накірунак – гэта Купянск, Харкаў і апошняе месца, дзе быў Полк, пра якое мы можам казаць, – гэта Харкаў, там вельмі добра адпрацавалі нашы хлопцы, гэта было з траўня па верасень.

РР: Разумею, што на баку Украіны змагаюцца добраахвотнікі розных народаў, з розных краін, яны ў розных вайсковых фармаваннях, чаму менавіта беларусам важна, каб выступаць акрамя як пад сцягам сіне-жоўтым, каб таксама і пад бел-чырвона-белым, каб ваяваць у рамках свайго беларускага Палка.
Павел Шурмей: Мы ўсе разумеем рэальную палітыку, мы ўсе разумеем, хто ёсць хаўруснікам Расеі. І таму Полк сваім стварэннем і дзеяннем даводзіць усяму свету пра тое, што беларусы – гэта не Лукашэнка, гэта па-першае. Па-другое, вярнуцца ў Беларусь, нармальную, вольную, дэмакратычную Беларусь, мы зможам толькі праз перамогу Украіны ў гэтай вайне, праз паразу Расеі, праз стварэння такіх умоваў у Расеі, калі ў іх не будзе магчымасці ўплываць на падзеі ва Украіне і Беларусі. Гэта магчыма толькі праз паразу Расеі. Таму ўсе мы ва Украіне калі ваюем за Украіну, кажам: праз перамогу Украіны – да вызвалення Беларусі. І на маю думку, у Польшчы добра разумеюць, хто такая Расея – імперская, якая нікуды не дзелася, таму мы разлічваем на ўсебаковую падтрымку.

РР: Ці разумеюць гэта і ці размяжоўваюць гэта самі ўкраінцы?
Эрнэст: 24 лютага ва Украіне вельмі змянілася стаўленне да Беларусі і, перадусім, да Лукашэнкі, гэта вельмі важна зразумець. Таму што ён быў «бацька» для большасці ўкраінцаў, і гэтая сітуацыя пачала змяняцца. Таму што ў першыя дні, роўна з тым, як заходзілі расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі, пачалі масава прыязджаць беларускія добраахвотнікі, якія баранілі Кіеў ад тых жа войскаў, якія ішлі з тэрыторыі Беларусі. Таму за тры гады беларусы паказалі, што яны сапраўды не «лукашысты», што ёсць вялікая колькасць беларусаў, якая гатова са зброяй у руках прыйсці на дапамогу Украіне, бараніць яе, і я скажу, што мы на сённяшні момант адстойваем гонар нашай нацыі, нашага народу, бо мы не «лукашысты», мы не «рашысты», і большасць беларусаў сёння ваюе на баку Украіны. Калі ў часы АТО вялікая колькасць беларусаў ваявала на баку сепаратыстаў, то сёння большасць ваюе на баку Украіны, і гэта вельмі паказальна, і ўкраінцы вельмі ўдзячныя. І інфармацыя досыць шырокавядомая, што беларусы сёння бароняць і дапамагаюць Украіне.
Павел Шурмей: Магу дадаць. Калі мне казалі ў пачатку гарачай фазы вайны: у вас такі «бацька», у вас парадак, у вас дарогі файныя, няма карупцыі, усё добра. Я казаў, што было ўжо так 80-90 гадоў таму, была такая краіна, дзе быў парадак, дзе будавалі дарогі, дзе знішчылі карупцыю, дзе пытанне працы вырашылі. Таксама вырашылі пытанне габрэяў, цыган і ўсіх іншых. Гэта была фашысцкая Германія пад кіраўніцтвам Гітлера. Таму трэба гэта памятаць.
Цалкам размова:

Размаўляў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя






