BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Павел Усаў пра палітычныя суды ў Менску і Берасці

31-га траўня у Менскім абласным судзе пачаўся суд у дачыненні да 20 “удзельнікаў экстрэмісцкага фармавання аналітыкі Святланы Ціханоўскай”. Сярод фігурантаў справы і палітолаг Павел Усаў, які і каментуе сітуацыю:

– Агульная сітуацыя, якая датычыць судоў і экспертаў, палітыкаў у кантэксце таго, што адбываецца ў Беларусі, не з’яўляецца нечым надзвычайным ва ўнутранай палітыцы рэжыму, які накіраваны на вынішчэнне ўсяго, што стварае інтэлектуальную ці палітычную альтэрнатыву. Гэтага не павінна існаваць. Гэта ідэалагічная кансалідацыя сістэмы, якая не будзе дэклараваць нейкай альтэрнатывы.

У сукупнасці, наколькі я памятаю, там некалькі артыкулаў, некалькі абвінавачанняў “здрада дзяржаве”. Вышэйшыя палітычныя артыкулы, удзел у змове, спроба захапіць уладу неканстытуцыйным шляхам. Канешне жартам можна сказаць ганаровы артыкул, прызнанне даволі значнага ўкладу ў палітычныя працэсы ў Беларусі.

Калі сур’ёзна, то канешне тыя людзі, у якіх там засталася нейкая нерухомасць запісаная на іх, то канешне ёсць вялікая верагоднасць таго, што ўлады могуць гэта канфіскаваць. Бо абараніць сябе ў такіх умовах проста немагчыма. Мы ведаем, што нават у дачыненні да людзей, якія спрычыніліся да менш цяжкіх “палітычных злачынстваў”, лайкі ці проста перапосты нейкіх артыкулаў, на іх даволі моцна ўздзейнічаюць. Гэта датычыць палітыкі застрашэння людзей унутры краіны.

Яшчэ раз падкрэслю, гаворка вядзецца пра такую татальную зачыстку ідэйнай прасторы. Таксама дэманстрацыя беларусамі ўнутры краіны, што ёсць толькі правільная адзіная канцэпцыя – падтрымка сістэмы Лукашэнкі. За іншыя ідэі і спробы іх выказваць пагражаюць даволі сур’ёзныя наступствы. Разам з гэтым трэба разумець, што гэта абсалютна неправавыя дзеянні ўладаў. У будучым, пасля зрынання рэжыму Лукашэнкі тыя, хто выносіў абсурдныя прысуды, самі панясуць пакаранне. Яны будуць вымушаныя расплачвацца за тое, што зараз удзельнічаюць у злачынствах супраць беларусаў.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Разам са справай “аналітыкаў” аналагічныя судовыя разгляды распачаліся ў Менскім гарадскім судзе супраць дарадцы Ціханоўскай, палітыка Франка Вячоркі. А таксама ў Берасцейскім абласным судзе – супраць спявачкі Маргарыты Ляўчук, блогера Андрэя Павука ды іншых. У справе фігуруе 14 крымінальных артыкулаў.

Беларускае Радыё Рацыя