Уладізмір Пуцін, падчас размовы з журналістамі 2-га снежня, заявіў, што Масква не збіраецца ваяваць з Еўропай, але калі Еўропа пачне вайну, Расея «гатовая наўпрост зараз».
Пра тое, як разумець даволі недыпламатычнае выказванне першай асобы дзяржавы, мы пагаварылі з нашым госцем, доктарам паліталогіі Паўлам Усавым.

РР: Як растлумачыць супярэчнасць паміж афіцыйнымі заявамі аб адсутнасці агрэсіўных намераў у адносінах да НАТА і ЕЗ і канкрэтнымі ваеннымі дзеяннямі, якія падрываюць еўрапейскую бяспеку?
Павел Усаў: На працягу ўсяго ваеннага канфлікту ва Украіне, на адрас Еўрапейскага звязу і Захаду, як такога, гучалі даволі супярэчлівыя, часам вельмі агрэсіўныя, заявы, як з боку прыбліжаных да Крамля прапагандыстаў, так і збоку афіцыйных дзеячаў.
Узяць хаця б таго ж Мядзведзева, які з’яўляецца намеснікам сакратара Рады Бяспекі, і рэгулярна ў Твітары ці ў сваіх інтэрв’ю пагражае сцерці ў пыл Еўропу і ўвесь Захад, прычым робіць гэта рэгулярна.
І афіцыйныя асобы таксама. З боку Пуціна неаднаразова гучалі намёкі адносна таго, што калі неабходна будзе абараніць інтарэсы, ці жыццёвыя пазіцыі Расеі, то яна не захістаецца выкарыстаць ядзерную зброю супраць еўрапейскіх краін, ці супраць Захаду.
І рэгулярна можна назіраць выпрабаванне ракетаў рознай мадыфікацыі, і перш за ўсё стратэгічных узбраенняў. Як такі паказчык нарошчвання мілітарысцкіх ваенных рэсурсаў, якія непасрэдна пагражаюць бяспецы, акрамя вайсковых ваенных дзеянняў ва Украіне, — згадаем тут залёты дронаў у Еўропу, ці размяшчэнне ядзернай тактычнай зброі ў Беларусі, а магчыма ў снежні з’явіцца і стратэгічная ядзерная зброя, мабільныя комплексы «Арэшнік», якія не нацэлены на абарону Беларусі, а з’яўляюцца наступальнай ядзернай зброяй, якая мусіць несці псіхалагічную пагрозу, а потым стаць дадатковым інструментам знішчэння заходніх краінаў.
То бок, наіўна чакаць нейкага злагоджвання сітуацыі. І ад самага пачатку, яшчэ перад ваеннымі дзеяннямі ва Украіне, Расея ўзяла курс амаль на адкрытую канфрантацыю з Захадам.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






