Праца незалежных СМІ, адкрытасць, публічнасць, люстрацыя. Гэта на сёння асноўныя шляхі абароны ад дзеянняў лукашэнкаўскіх спецслужбаў. Так лічыць наш госць, беларускі палітолаг і прадстаўнік руху «Вольная Беларусь» Павел Усаў, на размову з якім запрашае Яна Запольская.

РР: Прапаную пачаць размову з шпіёнскіх гісторыяў. Усё часцей яны здараюцца. Незалежныя СМІ таксама праводзяць свае расследаванні. Не так даўно была гісторыя з Яўгенам Дудкіным, актыўным дзеячам дэмакратычнага руху. Цяпер у нас ёсць гісторыя з сям’ёй журналісткі Вольгі Сямашкі (не ідэнтычная асоба з журналісткай Радыё Рацыя, рэд.). Гэта нейкі сімптом часу? Гэта проста супадзенне, што ўсё часцей такія гісторыі ўсплываюць? Як вы думаеце?
Павел Усаў: Гэта не супадзенне. Гэта сістэмная праца аўтарытарных рэжымаў. Рэжымаў, якія ўсё сваё жыццё будаваліся на дзейнасці спецслужб. Не трэба забывацца, што савецкае КДБ, ФСБ і КДБ сучаснай Беларусі – яны выпрацавалі даволі моцную сістэму інфільтрацыі і кантролю, у тым ліку і ўнутры апазіцыі. Гэта першы момант. Другі момант – інфільтрацыя і дзейнасць агентаў уплыву і проста агентаў-данасіцеляў з’яўляецца важным элементам ва ўтрыманні сістэмы, яе ўнутранай стабільнасці, кантроль над ворагамі і ілюмінацыі нейкіх унутраных пагроз з боку той жа самай апазіцыі. І той факт, што рэжым Лукашэнкі змог пратрываць без праблемаў, такіх больш-менш, амаль 25 год, аслабіць апазіцыю, дыскрэдытаваць яе, вынішчыць унутраную інтэгральнасць, захаваць расколы ўнутры апазіцыйных структур – усё гэта сведчанне, мусім гэта прызнаць, эфектыўнай дзейнасці спецслужб Лукашэнкі, на якую намагаліся не звяртаць увагу, а гэта таксама адзін з такіх псіхалагічных элементаў – высмейваць усё тое і тых, хто кажа пра такія пагрозы. Пагрозы інфільтрацыі, пагрозы агентурнай дзейнасці, звесці гэта да нейкіх усмешак, да нейкіх анекдотаў, што гэта ўсё проста параноя, дурныя, неадэкватныя людзі кажуць пра тое, што службы моцныя.
Але насамрэч калі паглядзець на факты: што Лукашэнка ўтрымаўся пры ўладзе, гэта першы факт, тое, што апазіцыя да 2020 году была цалкам разбітая і не ў стане была арганізаваць нейкага эфектыўнага супраціву, гэта другі факт, дэмабілізацыя і дэмаралізацыя і крытычныя адносіны да апазіцыі і якой заўгодна альтэрнатывы, гэта трэці факт, з’яўленне кіраванай апазіцыі, якой маніпулявалі, якую выкарыстоўвалі для дэзарыентацыі людзей, я, напрыклад, кажу пра «Гавары праўду», «кандыдата ў прэзідэнты» Тацяну Караткевіч, якая выдатна выканала сваю палітычную задачу, цалкам засведчыла банкруцтва апазіцыі ў маральным і ідэалагічным аспекце ў 2015 годзе. Самы важны факт, чацвёрты факт, гэта тое, што ў 2020 годзе ўвесь пратэсны патэнцыял быў скіраваны абсалютна ў пустэчу, людзі замест таго, каб з’арганізавацца, разводзіліся па розных вуліцах, тым больш што не было ніякіх заклікаў, наадварот былі прызывы не заставацца на вуліцах, не прадпрымаць ніякіх радыкальных дзеянняў, захоўваць канструктыўныя адносіны да міліцыі.
Першая задача была спусціць гэты пратэсны патэнцыял і велізарную мабілізацыю, калі мы паглядзім, 200 тысяч выходзіла на вуліцу Менска, гэта дастаткова, каб скінуць любы рэжым. І ў выніку гэтыя 200 тысяч разышліся па дамах. Потым пачалася зачыстка. Гэта ні што іншае як кіраванне натоўпам, кіраванне пратэстам, якое немагчыма без сеткі падрыхтаваных правакатараў, агентаў, ці мэтанакіраванай пасіўнасці палітычных лідараў.
І апошні момант – давайце паглядзім, у якой сітуацыі зараз знаходзіцца апазіцыя. Пасля пяці год, пры такім велізарным патэнцыяле, пры такой гатовасці – і бізнесоўцаў, і былых сілавікоў, і простых грамадзянаў – дапамагаць апазіцыі, салідарызавацца, стварыць нейкія структуры, – паглядзіце, што адбылося: амаль усе гэтыя структуры дыскрэдытаваныя, па розных прычынах, і правакацыі ад пачатку маглі быць і хутчэй за ўсё былі, і правакатары нейкага схаванага кантролю, які не даваў і блакаваў усе магчымасці і сабатаваў магчымасці кансалідацыі, магчымасці стварэння агульнага цэнтру.
Усё гэта сведчанне прадуманай, сістэмнай працы лукашэнкаўскіх спецслужб, лукашэнкаўскай сістэмы, і той факт, што новая частка апазіцыі цалкам ігнаравала магчымыя пагрозы з боку спецслужб, сведчанне інфантыльнасці і неразумення з чым даводзіцца мець дачыненне. Мэтанакіравана не было зроблена ніякіх падрыхтоўчых дзеянняў для таго, каб забяспечыць унутраную інтэгральнасць, паставіць нейкія фільтры для таго, каб структуры не былі прасякнутыя агентамі, ці, скажам, правакатарамі. Усё гэта прывяло да развалу структур – таго ж Байпола, таго ж Кабінета, Каардынацыйнай Рады, розных іншых арганізацый. Тут павінны быць заўсёды фільтры, бо спосабы маніпуляцыі, спосабы кантролю з боку спецслужб вельмі разнастайныя, і калі мы не ведаем спецыфікі дзейнасці гэтых структур, у параўнанні з іншымі, нават заходнімі структурамі, яны дзейнічаюць значна больш эфектыўна, і стварыць контрагентурную сістэму вельмі цяжка.
РР: І тады паўстае такое пытанне: што ж рабіць у гэтай сітуацыі? Калі мы прызнаем, што спецслужбы Беларусі працуюць прафесійна і эфектыўна, зыходзячы з тых фактаў, што вы пералічылі, што мы можам супрацьпаставіць гэтаму? Вы казалі пра фільтры. Што гэта за фільтры? І што рабіць у гэтай сітуацыі?
Павел Усаў: Канешне, асноўныя фільтры могуць паставіць толькі альтэрнатыўныя спецслужбы, якіх ніколі ў апазіцыі не існавала, хаця і паўстаў той жа Байпол, які і павінен нібыта стаць такой сістэмай контрвыведкі. Але хто правяраў Байпол? Гэтых былых дзеячаў лукашэнкаўскіх спецслужб. Ці гэта не была ад пачатку нейкая кіраваная структура. І, напрыклад, шмат пытанняў і да Байпола і да таго ж Азарава ўзнікла па справах з «Чорнай кнігай Беларусі». Потым мы пабачылі як «спрацаваў» план “Перамога”. І да чаго яго ўвогуле давялі – да абсалютнай дыскрэдытацыі. Гэта можа быць звычайная дурасць, а можа і мэтанакіраваная дзейнасць спецслужб.
Калі няма ўласнай спецслужбы, якой ты можаш цалкам давяраць, то, канешне, на такім роўні супрацьстаяць немагчыма. Застаецца тады, напрыклад, выведвальная і расследавальная дзейнасць СМІ, журналістаў. У дадзеных умовах – гэта максімальная публічнасць, максімальна крытычны падыход да кожнага палітыка. Як толькі ёсць нейкі сумнеў, такі палітык не павінен быць задзейнічаны ў палітычным жыцці. Ёсць сумневы да Рымашэўскага, ёсць сумневы да Лябедзькі, ёсць сумневы да Вячоркі, ёсць сумневы да Дабравольскага – іх у палітыцы блізка не павінна быць, пакуль гэтыя сумневы нейкім чынам развеены, ці нейкім чынам асветлены. Але нашыя СМІ да канца не з’яўляюцца незалежнымі, у тым сене, што не могуць так глыбока капаць, бо адразу з’яўляюцца рознага кшталту праблемы і пагрозы ў тым, што не будзе фінансавання. З’яўляецца самацэнзура, з’яўляецца цэнзура.
У супрацьдзеянні са спецслужбамі асноўная зброя – гэта публічнасць. Не баяцца, умоўна кажучы, капаць пад палітыкам, бо гэта публічныя асобы, гэтым людзям беларусы давяраюць будучыню краіны. Калі гэтыя людзі дыскрэдытавалі сваю дзейнасць у мінулым, давяраць ім немагчыма, асабліва калі гаворка будзе весціся пра ўладу, вялікія грошы і пра магчымасць пасля пераменаў спецслужбамі маніпуляваць гэтымі людзьмі. Гэта самая велізарная праблема, з якой сутыкнуліся шмат якія постсавецкія краіны, у тым ліку і Беларусь. У Расеі, у Беларусі, ва Украіне не адбылося люстрацыі і фактычна постсавецкая наменклатура засталася пры ўладзе.
Цалка размова:
Беларускае Радыё Рацыя






