Ёсць некалькі версіяў знікнення спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай, распавёў Белсату прадстаўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў. Паводле адной з іх, жанчына ўжо можа быць у Беларусі.

«Мы маем версію, што яна ці ў Беларусі, ці хутка там будзе. Гэтая інфармацыя яшчэ спраўджваецца. Другая версія, на якую мы спадзяёмся, што яна ўсё-ткі знойдзецца, проста дзесьці адпачывае і вернецца. Маем версію, як так здарылася, што яна можа апынуцца ў Беларусі, але мы не хочам гэтага апублічваць. Гэтым можна скарыстацца супраць яе, а мы не хочам ёй нашкодзіць», – сказаў Азаоаў.
Ён раскрытыкаваў тых, хто цяпер абнародуе нейкія падрабязнасці пра працу спікеркі Каардынацыйнай рады. Кажа, што гэтым скарыстаюцца спецслужбы.
Прадстаўнік «BYPOL» таксама адзначыў, што няма нічога падазронага ў выездзе з Польшчы ў Беларусь былога мужа Анжалікі Андрэя Мельнікава, бо той заўсёды, цытата, «ездзіў туды-сюды. Тут няма ніякіх праблемаў, што ён паехаў у Беларусь”.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка са спасылкай на польскія службы паведамляў, што Мельнікаў мінуў польска-беларускую мяжу 23 сакавіка.
Беларускае Радыё Рацыя






