19 студзеня 2025 года Прэзідэнт Зяленскі сваім указам увёў у дзеянне рашэнне Савета нацбяспекі і абароны Украіны, якое тычыцца прымянення ці адмены персанальных санкцый. І тут жа пракаментаваў: маўляў «блакуем прапагандыстаў, што працуюць на Расею, асобаў, якія перайшлі на бок ворага,і тых, хто дапамагае Расеі працягваць вайну».

Пад санкцыі трапілі прарасейскія палітыкі і журналісты. Сур’ёзны крок, што тут сказаць, улічваючы, што праз месяц – тры гады з пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ. Але яшчэ ёсць і іншы бок пытання: санкцыі — гэта інструмент абмежаванняў для тых, хто знаходзіцца па-за юрысдыкцыяй дзяржавы. То бок для асобаў, да якіх не можа “дацягнуцца” дзяржаўная прававая сістэма. Інакш
што замінае прад’явіць абвінавачанні, правесці расследаванні, перадаць у суд і выканаць яго рашэнне?
Яшчэ ў 2021 годзе Вярхоўны суд Украіны падвергнуў пад сумнеў санкцыі Савета нацбяспекі і абароны ў дачыненні да грамадзян Украіны і звярнуўся да навукоўцаў-прававедаў з просьбай сфармуляваць прававую пазіцыю па гэтым пытанні. Вынік: дзяржава можа прымяніць санкцыі да сваіх грамадзян толькі ў выпадку, калі яны бяруць удзел у тэрарыстычнай дзейнасці, і гэта пацверджана прыгаворам, які ўступіў у законную сілу. І кропка. Ва ўсіх астатніх выпадках санкцыі супраць грамадзян Украіны лічацца незаконнымі.
Ствараецца ўражанне, што гэта “ўдар ў штангу”. Ёсць парыў пакараць нягоднікаў-здраднікаў, але па-за судом, тым самым даючы магчымасць нягоднікам-здраднікам у судовым парадку свае правы адстаяць. І наогул дзіўна: за працу ў інтарэсах РФ – толькі санкцыі? Чаму не судовы прыгавор з
поўнай канфіскацыяй маёмасці? Паводле законаў ваеннага часу, ды і не толькі
па іх. І што там чуваць пра карупцыянераў найвышэйшага ўзроўню, пра закупкі
для войска па завышаных коштах, пра сумнеўных удзельнікаў тэндараў? Ці яны
“разблакаваныя”?
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя






