Незалежная Беларусь і ніякага саюзу з Расеяй — Пазняк. Такой бачыць Новую Беларусь знакаміты і паважаны беларускі палітык Зянон Пазняк. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з беларусамі, якая адбылася ў Вільні 15 чэрвеня ў Цэнтры нацыянальных культур. На ёй палітык прэзентаваў Народную праграму «Вольнай Беларусі».
Таксама Зянон Пазняк дадаў, што ў Новай Беларусі трэба поўнасцю арыентавацца толькі на сваю незалежнасць, на свой народ, сваю эканоміку, сваю культуру і на сваю зямлю.
– Прыхільна ставяцца да Еўразвязу, да сваіх суседзяў, да ўкраінцаў, да летувісаў. Якая будзе перспектыва, глядзець на тое, каб стварыць звяз Балтыйскіх краін, Украіны, Беларусі – так званы Балта-чарнаморскі звяз. І так закласці будучыню вольнай Еўропы.
Падчас сустрэчы літоўскі блогер Жыльвінас Світоюс, які часта падымае пытанне «ліцвінізму», задаў пытанне пра тое, чаму спадар Зянон называе Літву і Вільнюс Летувай і Вільняй. І калі адказ яго не задаволіў пачаў абражаць прысутных і спікера, называючы іх фашыстамі.
Паводле Зянона Пазняка, падобныя правакацыі яго не бянтэжаць і не складаюць асаблівых перашкод:
– Мяне гэта абсалютна не цікавіць. Я за 30 гадоў у палітыцы наслухаўся ўсякіх камуністаў, недалёкіх людзей, правакатараў, дурняў, таму мяне не цікавяць іхныя размовы, яны мяне не абходзяць і не шкодзяць.
На сустрэчы з Зянонам Пазняком і Паўлам Усавым у Вільні прысутнічала каля паўсотні чалавек Пасля выступу палітыка прысутныя задавалі пытанні датычныя будучыні Беларусі, палка імя Кастуся Каліноўскага, люстрацыі, аднаўлення эканомікі, выбараў у ЗША ды іншыя.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Напрыканцы сустрэчы ахвочыя набылі кнігі Зянона Пазьняка з яго аўтографам.
Беларускае Радыё Рацыя