Праваабаронцы «Вясны» прааналізавалі стан свабоды слова і меркаванняў у Беларусі з сакавіка 2023 году па 1 сакавіка 2024 года. Бо менавіта тады (у 2023 годзе) быў прэзентаваны папярэдні даклад “Вясны” на гэтую тэму.

5 красавіка Праваабарончы цэнтр “Вясна” прэзентаваў даклад “Абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам” у Цэнтры беларускай культуры і супольнасці ў Вільні.
Паводле звестак «Вясны», якая спасылаецца на сайт Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, на канец лютага 2024 году ў спісе датычных да экстрэмісцкай дзейнасці было 3819 грамадзянаў Беларусі і замежнікаў. З сакавіка мінулага году іх стала больш на 1332 чалавекі, амаль на 35%. «Чэмпіёнам» сярод артыкулаў Крымінальнага кодэксу, за які людзей уключалі ў «спіс экстрэмістаў», стаў гэтак званы «народны артыкул» 342 — за «дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак» — 740 новых «экстрэмістаў».
Далей у спісе ідуць артыкул 368 пра абразу прэзідэнта (230 абвінавачаных), пра распальванне варажнечы (202 абвінавачаныя). Мінімальны ўзрост «экстрэмістаў», што папоўнілі спіс, быў 14 гадоў. Максімальны — 74 гады.






