У эфіры нашага радыё працягваюцца публічныя дэбаты кандыдатаў у новы склад Каардынацыйнай рады. Удзельнікі дыскусіі выказваюць сваю пазіцыю і ідэі адносна будучыні нашай Беларусі.
У сённяшніх дэбатах прымаюць удзел:
-спіс №5 – “Закон і парадак” – Андрэй Фёдараў;
-спіс №9 – “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду” – Юрась Губарэвіч;
-спіс № 12 – “Моладзевы наступ” – Лізавета Пракопчык.
Андрэй Фёдараў: У студыі Радыё Рацыя быў нядаўна Станіслаў Лупанос, які прайшоўся па праграме. Таму я не буду паўтараць тое, што казаў ён. Я скажу больш пра сваю матывацыю, чаму я тут з вамі і чаму я прыняў гэтае рашэнне балатавацца ў КР разам са спісам №5 “Закон і парадак”. Я, магчыма, не самы тыповы кандыдат у параўнанні з вамі. Многія з вас моцна пацярпелі ад рэжыму, многія прайшлі праз турмы і здзекі рэжыму Лукашэнкі. Я ж з’ехаў з Беларусі больш за 15 гадоў таму ў Аўстралію, я зрабіў тут кар’еру, я не быў палітычным уцекачом. Але я шмат разоў за гэты час вяртаўся ў Беларусь. І я бачыў у вачах людзей сум. Мне Беларусь здавалася краінай дэпрэсіўнай, хоць нашыя людзі насамрэч вельмі разумныя, яны да многага прызвычаіліся і мяне гэта здзіўляла і засмучала. І ў 2020 годзе я разам з іншымі людзьмі, якія жывуць у Аўстраліі, назіраў за тым, што пачалося перад выбарамі, падчас выбараў. І ў мяне з’явілася надзея. Я зразумеў, што нашая краіна можа быць зусім іншай, і ў нашай краіны і нашых людзей велізарны патэнцыял. Я спадзяваўся, што ўсё зменіцца. Гэтага не адбылося, на жаль. Краіна не стала іншай, але іншымі сталі людзі. І надзея ў нас, насамрэч, яшчэ ёсць. І я стараўся рабіць шмат, я стараўся ўдзельнічаць у гэтым працэсе, неяк дапамагаць землякам словамі і справамі.
Юрась Губарэвіч: Я прадстаўляю спіс №9 – “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”, сам з’яўляюся старшынём Руху “За Свабоду”. Для нас гэтая кааліцыя – гэта працяг вельмі доўгай і, перакананы, вельмі плённай працы, якую мы рабілі яшчэ з другой паловы 20 году. І выбары ў КР для нас не з’яўляюцца гульнёй у дэмакратыю. Мы не ідзем туды вучыцца дэмакратыі, у камандзе выбарчага спіса №9 дастаткова шмат дасведчаных палітыкаў, а таксама тых людзей, якія адбыліся як прафесіяналы ў сваёй справе на карысць Беларусі. І зараз гэты патэнцыял яны хацелі б рэалізаваць у тым органе, які, напэўна, ўпершыню за апошнія 30 гадоў будзе наўпрост абраны беларусамі. Для нас гэта не месца для балбатання. Гэта месца для канкрэтных спраў. Таму мы маем сваю праграму, мы маем ідэі, што рабіць ужо ў першыя дні пасля таго, як адбудуцца выбары. Мы ведаем, як патэнцыял КР выкарыстаць на карысць тых беларусаў, якія знаходзяцца і ў нашай краіне, і за мяжой. Бо тых праблем, якія маюць зараз беларусы, іх процьма. Краіна знаходзіцца ў дастаткова складаным перыядзе сваёй гісторыі.
Лізавета Пракопчык: Я прадстаўляю спіс “Моладзевы наступ” і мы сапраўды наступаем. Наш спіс аб’ядноўвае маладых людзей, якія хочуць вярнуцца ў Беларусь і хочуць даць беларусам у Беларусі новае пачуццё жыцця і даць ім новую надзею. Мы вельмі маладыя, сапраўды. Усе мы, як і я, працуем з 18 гадоў на тое, каб Беларусь стала дэмакратычнай. Я актывістка Задзіночання беларускіх стдэнтаў з 2018 году. У 2019 мы стварылі Моладзевы блок. З’ехала з Беларусі ў 2020 годзе пасля вобшукаў па “справе студэнтаў”. Наш асноўны пункт праграмы – гэта моладзь. Мы вельмі сканцэнтраваныя на моладзі, таму што адчуваем, што моладзь пакінутая. І сапраўды пра моладзь шмат хто кажа, але на гэтым усё і заканчваецца. І мы хочам вырашаць праблемы маладых беларусаў і беларусак як у замежжы, так і ў Беларусі. Мы хочам, каб вярнулася транспартнае злучэнне паміж Беларуссю і ЕЗ, каб адкрылася хоць некалькі новых памежных пунктаў, каб беларусы не трацілі шмат часу на тое, каб атрымаць візу. Проста, каб беларусы ў Беларусі пачалі жыць нармальным жыццём, як гэта было хаця б да 2020 года. У нас сапраўды ёсць амбітныя мэты, напрыклад, мільён візаў для беларусаў, і ў нас ёсць план, як гэта зрабіць.
Цалкам матэрыял:
Нагадаем, выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць з 25 па 27 траўня.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Юрась Дзяшук